Ачуўшыся ў мяшку пасля клінічнай смерці, расейскі акупант пастанавіў вярнуцца на вайну ва Украіну
22- 13.05.2025, 21:46
- 16,192

Камандзір штурмавой групы трапіў пад танкавы абстрэл.
Ачуўшыся ў мяшку пасля перажытай клінічнай смерці, камандзір штурмавой групы Узброеных сілаў Расеі з поклічам Катунь пастанавіў вярнуцца на вайну ва Украіну. Пра гэта ён расказаў у гутарцы з расейскім прапагандысцкім СМІ «Камсамольская праўда».
Расеец скіраваўся на фронт у жніўні 2023 года. Сярод іншага, ён браў удзел у акупацыі Аўдзееўкі.
Падчас аднаго з баёў трапіў пад танкавы абстрэл – выбуховай хваляй мужчыну выкінула з прыватнага дома, ён літаральна прабіў сабой дзве сцяны, атрымаў сур'ёзнае раненне, упаў у кому і перанёс клінічную смерць. Паводле ягоных словаў, ён ачуўся ад холаду ў мяшку на каталцы і здолеў выбрацца.
«Лекар быў у шоку (...) А я яму адказваю: “Вось жа я – перад табой”», – успомніў камандзір. Пасля доўгага аднаўлення Катунь зноў прыняў пастанову вярнуцца на фронт.
«Я не надаю асаблівага значэння таму, што выжыў пасля трапляння танкавага снарада. Ну, значыць, лёс (...) Галоўнае, як чалавек сябе настройвае, ягоныя жаданне і імкненне. Я сябе па-за службай не ўяўляю. Цывільнае жыццё – не мая гісторыя», – заявіў расейскі вайсковец, адзначыўшы, што блізкія ягоную пастанову ўспрынялі цяжка.
Расеец спадзяецца, што яго размяркуюць у тую самую брыгаду, дзе ён служыў раней, і прызначаць, як і раней, камандзірам.