22 траўня 2025, Чацвер, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці адбудзецца сустрэча Зяленскага і Пуціна ў Стамбуле?

19
Ці адбудзецца сустрэча Зяленскага і Пуціна ў Стамбуле?
Уладзімір Фясенка

ЗША і Еўропа могуць выкарыстаць новыя санкцыі.

Імкліва развіваюцца падзеі вакол магчымых перамоў Расеі і Украіны. На гэты момант вядома, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў расейскаму кіраўніку Пуціну асабістую сустрэчу ў Стамбуле.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што можа да яе далучыцца. Ці дойдзе да гэтай падзеі?

Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра практычных палітычных даследаванняў “Пента” Уладзімірам Фясенкам:

- Пакуль імавернасць прыезду Пуціна ў Стамбул, мякка кажучы, невялікая. На гэты момант няма ніякіх прамых і нават ўскосных прыкмет падрыхтоўкі да прыезду яго ў Стамбул.

Няма пацвчрджэння, што Пуцін гатовы прыехаць. Калі ён збіраецца ў Стамбул, то ўжо сёння ў горадзе павінны працаваць ягоныя ахоўнікі, розныя службы гарантавання бяспекі Пуціна, каб усё праверыць, падрыхтаваць і гэтак далей.

Калі мы нічога падобнага не ўбачым цягам сённяшняга дня, максімум да заўтрашняй раніцы, значыць Пуціна там не будзе.

Падкрэслю, агулам няма ніякіх відавочных прыкмет таго, што ён збіраецца прыехаць у Стамбул. Калі там не будзе Пуціна, то малаверагодна, што і Трамп туды прыедзе.

Ён тэарэтычна мог бы прыехаць. У яго акурат будзе заканчвацца турнэ па краінах Арабійскай паўвыспы. Ён мог бы прыехаць пры двух умовах. Гаворка не толькі пра прысутнасць Пуціна ў Стамбуле, гэтага мала, а пра гатоўнасць да падпісання Пагаднення аб спыненні агню. Гэта важна.

Калі з расейскага боку не будзе сігналаў аб такой гатоўнасці, аб магчымасці падпісання Пагаднення, Трампу няма сэнсу прыязджаць.

Прэзідэнт ЗША прыедзе толькі для таго, каб асвятліць гэтае падпісанне, паказаць сябе ў ролі галоўнага міратворца, маўляў, бачыце, я гэтага дамогся. Важная карцінка. Абавязковымі яе элементамі павінны быць Пуцін і Зяленскі.

Яны нічога не павінны падпісваць, пагадненне аб спыненні агню - гэта не іх узровень. Яго будуць падпісваць упаўнаважаныя прадстаўнікі дзяржаў, можа быць - вайскоўцы. Гэта ўжо як стораны вызначаць.

Таму задача Пуціна і Зяленскага толькі прысутнічаць, можа быць — сказаць словы падзякі на адрас Трампа.

Пакуль жа верагоднасць такога сцэнару не вельмі вялікая

- Еўропа фактычна выставіла ўльтыматум, заявіўшы, што калі Пуцін не спыніць агонь на 30 дзён, будуць санкцыі. Расейцы працягваюць абстрэлы. Чаго чакаць, якімі могуць быць санкцыі?

- Глядзіце, сёння Bloomberg напісаў, што ў еўрапейцаў, якія разам з Зяленскім вылучалі гэты ўльтыматум яшчэ 10 траўня, такі намер застаецца, але яны, мабыць, наважылі адкласці дзеянні да перамоў у Стамбуле.

Думаю, што тут адыгралі сваю ролю амерыканцы. Яны папрасілі пакуль не спяшацца. І для еўрапейцаў важна, каб былі супольныя дзеянні Еўропы і ЗША аб санкцыях. Таму канчатковая пастанова будзе прымацца ўжо пасля перамовы ў Стамбуле. Ключавую ролю тут павінен адыграць Трамп. Ён павінен вызначыцца.

Бо на гэты момант пакуль мала імаверна, што ў Стамбуле ўдасца выйсці на спыненне агню. Падкрэслю, няма прыкмет гатоўнасці да такога пагаднення.

Тут нават справа не ў тым, ці будуць Пуцін і Зяленскі сустракацца, а нават на ўзроўні ўпаўнаважаных прадстаўнікоў пакуль няма відавочных перадумоў, што такое пагадненне будзе падпісанае.

Але могуць дамовіцца, напрыклад, аб працягу перамоў. Гэта самая аптымальная тактыка для Расея: зацягванне перамоўнага працэсу. І тады трэба будзе вызначацца, што рабіць.

Думаю, што еўрапейцы будуць ціснуць на амерыканцаў і Трампа, ставіць пытанне, што трэба вызначацца, трэба дзейнічаць. Як мінімум-трэба ўзмацняць санкцыйны ціск як сігнал. Альбо РФ згаджаецца на спыненне агню, альбо будзе ўзмацненне санкцыйнага і палітычнага ціску.

Упэўнены, што гэтае пытанне як раз будзе абмяркоўвацца ў Стамбуле пасля заканчэння перамоў украінскай і расейскай дэлегацыі. Пасля гэтага можа адбудуцца сустрэча Зяленскага з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.

Магчыма, у гэтай сустрэчы будуць удзельнічаць кіраўнікі МЗС тых краін, якія і заяўлялі аб неабходнасці санкцый: Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччына і Польшчы. Думаю, што Зяленскі з імі сустрэнецца, а затым яны будуць вызначацца, як дзейнічаць далей.

Падкрэслю, што і еўрапейцы, і Зяленскі будуць намагаць на ўзмацненне санкцыйнага ціску на РФ. Але апошняе слова будзе за Трампам. Руіё вернецца ў Вашынгтон і тады ўжо амерыканцы будуць вызначацца, як дзейнічаць далей.

- Якога развіцця падзей чакаць? Ці сталі мы бліжэйшымі да міру?

- Бліжэй да міру пакуль не сталі. Сталі бліжэй да перамоў. Сам факт перамоў - ужо крок наперад. Але пытанняў пакуль больш, чым адказаў.

Падам просты прыклад: перамовы павінны быць у фармаце прамых, але стораны адна адной татальна не давяраюць. Дзве краіны, два народы падзяляе ўзаемная моцная нянавісць.

Поўнамаштабная, крывавая вайна ідзе ўжо больш за тры гады. Нянавісць ўжо носіць масавы характар. Дамаўляцца ў гэтых умовах без пасярэдніка (ці хаця б без эфектыўнага мадэратара) немагчыма.

Таму калі будуць амерыканцы, ці хаця б туркі ў ролі пасярэдніка, будзе шанец на нейкі перамоўны працэс. І тое, мабыць, вынік будзе не адразу. Гэта толькі пачатак. Сцэнары тут могуць быць розныя.

Далей усё залежыць ад выніковасці перамоў і, перш за ўсё, ад гатоўнасці Расеі спыніць агонь.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках