Financial Times: Брусэль знайшоў спосаб узмацніць ціск на Маскву
8- 13.05.2025, 11:41
- 8,458

Вета Орбана Крамлю не дапаможа.
Брусэль рыхтуецца да рашучых дзеянняў для захавання эканамічных санкцый супраць Расеі, нават калі Вугоршчына паспрабуе заблакаваць іх падаўжэнне, піша Financial Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Еўрапейская камісія разглядае магчымасць увядзення кантролю за рухам капіталу і тарыфы, каб прадухіліць абыход санкцыйнага рэжыму і ўтрымаць замарожаныя расейскія актывы на суму €200 мільярдаў.
Пяць крыніц, знаёмых з ходам абмеркаванняў, паведамілі Financial Times, што частка абмежаванняў можа быць пераведзеная на “альтэрнатыўную юрыдычную аснову”, што дазволіць абысці Вета Будапешта. Такі крок патрабуе падтрымкі большасці, а не аднагалоснасці ўсіх 27 краін-чальцоў ЕЗ.
"Мы ўсе сканцэнтраваны на “Плане А”, але таксама абмяркоўваем юрыдычную аснову альтэрнатыўных варыянтаў", — адзначыў адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў.
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан раней неаднаразова зрываў прыняцце санкцый супраць Масквы. Цяпер ён пагражае заблакаваць падаўжэнне абмежаванняў, тэрмін якіх заканчваецца ў канцы ліпеня. Аднак на сустрэчы амбасадараў ЕЗ у панядзелак сур'ёзных пярэчанняў з боку Будапешта не было, паведамляюць тры дыпламаты.
ЕЗ таксама разглядае тарыфы на ўзбагачаны ўран і поўную забарону на новыя газавыя кантракты з Расеяй. Пры гэтым Еўракамісія падкрэслівае, што гэтыя меры не будуць лічыцца санкцыямі, што дазволіць пазбегнуць юрыдычных затрымак.
Раней у студзені ЕЗ ужо ўвёў тарыфы на ўгнаенні з Расеі і Беларусі, што стала прыкладам пераводу санкцыйных захадаў у фармат гандлёвых абмежаванняў.
Ва ўмовах дыпламатычных намаганняў для прымусу Расеі да замірэння, ЕЗ дэманструе адзінства і вынаходлівасць, захоўваючы жорсткую эканамічную пазіцыю і адаптуючы свае падыходы да новых выклікаў.