«Збег абставін»: беларусы абурыліся пандусам, які адваліўся ў менскім аўтобусе
7- 12.05.2025, 9:01
- 5,400

Транспартнікі паспрабавалі апраўдацца.
У TikTok з'явілася відэа: кіроўца гарадскога аўтобуса № 119С у Менску паспрабаваў адкрыць апарэль - адкідны пандус для людзей з інваліднасцю, аднак пляцоўка зламалася. Прадпрыемства «Мінсктранс» паспрабавала апраўдацца ў адказ на крытыку і патлумачыла здарэнне збегам абставін, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
Відэа, якое набрала больш за 3 млн праглядаў, выклаў 9 траўня блогер dvornik_den. Разам са знаёмым калясачнікам маладзён надумаў скарыстацца грамадскім транспартам, аднак калі на прыпынку кірпоўца аўтобуса паспрабаваў адкрыць пандус, той проста зламаўся. Пазней стала вядома, што відавочцы дапамаглі менчаніну з інваліднасцю патрапіць у салон і пакінуць яго на патрэбным прыпынку.
Большасць каментатараў мяркуюць, што прэтэнзій да кіроўцы быць не павінна: кожная тэхніка можа выйсці з ладу. А вось механікі прадпрыемства абавязаныя больш уважліва ставіцца да выпуску транспарту на лінію.
Сам блогер растлумачыў у каментарах, што таксама не вінаваціць кіроўцу: «Падзякаваў яму за працу, папрасіў не забыцца паведаміць аб праблеме з пандусам у гэтым аўтобусе каму трэба».
У «Мінсктрансе» заявілі, што інцыдэнт стаў збегам абставін:
- На кожным планавым тэхабслугоўванні праводзіцца праверка спраўнасці апарэляў, у тым ліку на аўтобусе на відэа. У гэтым выпадку пры адкрыцці апарэлі вырвала пятлю мацавання, - паведамілі на прадпрыемстве.
Там паабяцалі ліквідаваць паломку, а спецыялісты дадаткова агледзяць грамадскі транспарт, каб выключыць такія інцыдэнты.