Індыя адкрыла дамбу пасля перамір'я з Пакістанам
4- 11.05.2025, 13:45
- 5,278

Шлюзы заставаліся адкрытымі цягам васьмі гадзінаў.
Індыя адкрыла два шлюзы на дамбе Багліхар у суботу, што выклікала разліў ракі Чэнаб.
Пра гэта піша Times of India.
Прычынай стала павышэнне ўзроўню вады праз моцныя дажджы, якія прайшлі па рэгіёне напярэдадні.
Паводле інфармацыі крыніцаў выдання, шлюзы заставаліся адкрытымі з 8:30 да 16:30 для рэгулявання водаструменю.
Падзея адбылася на фоне дамоўленасцяў паміж Індыяй і Пакістанам аб прыпыненні баявых дзеянняў, але без абмеркавання Дамовы аб водах Інда, якое Індыя раней прыпыніла.
Згодна з гэтым пагадненнем, Індыя мае поўнае права выкарыстоўваць воды ўсходніх рэк – Сатледжа, Біяса і Раві, у той час як Пакістан – заходніх, сярод іншых Чэнаба, Джэлума і Інда.
Нагадаем, што 4 траўня Індыя перакрыла ваду праз дамбу Багліхар на рацэ Чэнаб.
Гэтая пастанова Індыі стала вынікам тэрарыстычнага нападу ў Пахалгаме, штат Джаму і Кашмір, падчас якога загінулі 26 чалавек, пераважна турыстаў.
На гэтым тыдні, ноччу 7 траўня, Індыя абвясціла пра пачатак аперацыі «Сіндур», нанёсшы ўдары па «тэрарыстычных» аб'ектах у Пакістане. А ўжо гэтай ноччу Пакістан у адказ прыступіў да аперацыі «Буньян уль Марсус» супраць Індыі.
Абедзве краіны некалькі разоў абмяняліся ўдарамі, гэта прывяло да ахвяраў.
Учора Індыя і Пакістан дамовіліся пра поўнае і неадкладнае спыненне агню. Перамовы праходзілі пры пасярэдніцтве ЗША.