Украіна атрымала ад ЕЗ яшчэ 1 млрд еўраў за кошт расейскіх актываў
- 9.04.2025, 14:45

Гэта трэцяя рата ў рамках ініцыятывы G7.
Еўрапейскі Звяз пералічыў Кіеву яшчэ 1 млрд еўраў у рамках ініцыятывы ERA. Сродкі ад расейскіх актываў пойдуць на прыярытэтныя мэты Украіны.
Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.
«Гэта трэцяя рата у рамках ініцыятывы G7, забяспечаная даходамі ад замарожаных расейскіх актываў. Сродкі накіруем на прыярытэтныя выдаткі дзяржбюджэту», - напісаў ён.
Паводле ягоных слоў, усяго згодна з праграмай ERA еўрапейскія супольнікі далі Украіне 5 млрд еўраў.
Шмыгаль паведаміў, што пра рату было абвешчана падчас ягонай сустрэчы з камісарам ЕЗ у пытаннях эканомікі і прадукцыйнасці Валдзісам Дамброўскісам у Брусэлі.
«Падкрэсліў на сустрэчы, што наш прыярытэт - поўная канфіскацыя замарожаных расейскіх суверэнных актываў, якія павінны быць выкарыстаныя як рэсурс для аднаўлення Украіны. Надалі гэтаму пытанню асобную ўвагу», - адзначыў Шмыгаль.
Механізм «Вялікай сямёркі»
Механізм прадугледжвае атрыманне ад краін G7 50 млрд даляраў з наступнай выплатай за кошт даходаў ад выкарыстання замарожаных расейскіх актываў.
Запланавана атрымаць 20 млрд даляраў ад ЗША, 20 млрд даляраў ад ЕЗ, 3 млрд даляраў ад Вялікабрытаніі, 3,7 млрд даляраў ад Канады і 3 млрд даляраў ад Японіі.
Асаблівасць праграмы ў магчымасці накіравання часткі гэтых сродкаў (ад ЕЗ і Вялікабрытаніі) непасрэдна на абаронныя патрэбы.
У сакавіку Украіна атрымала 5,172 млрд даляраў ад міжнародных партнёраў, у тым ліку ў рамках ініцыятывы G7 Extraordinary Revenue Acceleration for Ukraine (ERA). Гэтыя сродкі былі залічаныя ў рэзервы.
Акрамя таго, Украіна атрымала крэдыт 970 млн. даляраў у адпаведнасці з пагадненнем паміж Украінай і Вялікабрытаніяй у рамках ERA. Гэтыя сродкі не былі залічаныя ў міжнародныя рэзервы Украіны ў сувязі з іх абмежаваным (мэтавым) прызначэннем для выкарыстання.