ЗША выводзяць войскі з польскай Ясенкі, праз якую Украіна забяспечваецца зброяй
- 2,704

Хаб далей будуць выкарыстоўваць для надання вайсковай дапамогі Украіне.
Камандаванне войска ЗША ў Еўропе і Афрыцы (USAREUR-AF) абвясціла аб запланаванай перадыслакацыі амерыканскіх вайскоўцаў і абсталявання з аэрапорта Ясенка каля Жэшува ў іншыя месцы Польшчы, паведамляе “Польскае радыё”.
Як падкрэсліваецца ў камюніке, апублікаваным на сайце камандавання, гэтая перадыслакацыя з'яўляецца "часткай больш шырокай стратэгіі аптымізацыі вайсковых аперацый ЗША, паляпшэнню падтрымкі супольнікаў і партнёраў пры адначасовым падвышэнні эфектыўнасці".

У дакуменце адзначаецца, што гэтая пастанова "адлюстроўвае шматмесячныя ацэнкі і планаванне", якія праводзіліся ў каардынацыі з польскай стараной і іншымі супольнікамі з NАТО.
Ясенка працягне выкарыстоўвацца для надання вайсковай дапамогі Украіне, падкрэсліваецца ў камюніке.
Амерыканскія вайскоўцы прыбылі ў аэрапорт пад Жэшувам у пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе.
На змену амерыканцам у апошнія месяцы там былі разгорнутыя зэнітныя сістэмы з Нямеччыны і Нарвэгіі.