У Менску спрабуюць выканаць патрабаванне Лукашэнкі, каб не было «дармаедаў»
33- 9.04.2025, 11:11
- 12,486

Да пошуку “дармаедаў” падключылася таксама міліцыя.
У Менску працягваюць змагацца з “дармаедствам” - для незанятых у эканоміцы другі дзень запар праводзяць спецыялізаваныя міні кірмашы вакансій. Нагадаем, да пошуку “дармаедаў” далучылася таксама міліцыя. Гэтаму папярэднічалі заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ў краіне не павінна быць “дармаедаў”, піша «Зеркало».
У Менску 9 красавіка, як і днём раней, праводзяць спецыялізаваны міні кірмаш вакансій для незанятых у эканоміцы, а таксама тых, хто "вядзе асацыяльны лад жыцця". Пра гэта паведамляе камітэт працы, занятасці і сацабароны насельніцтва. Размова ў тым ліку аб тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, выйшаў з лячэбна-працоўных прафілакторыяў або стаіць на прафуліках у міліцыі.
Сярод наймальнікаў, якія бяруць удзел у кірмашы вакансій, - страхавая фірма "ПрыёрЛайф", сацыяльныя пансіянаты Вяча і Крыніца, "Мінсктранс", "Гарадская аварыйная служба", "Рэмаўтадар Партызанскага раёна Менска".
Сярод анансаваных вакансій - дапаможны працоўны, прыбіральнік тэрыторый, страхавы агент, інжынер, кіроўца аўтамабіля, мыйшчык посуду, кандуктар, дарожны працоўны, механік.
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што пасля рэйдаў міліцыі па “дармаедах”, у Менску людзі сталі часцей звяртацца ў цэнтры занятасці насельніцтва. Нагадаем, міліцыю залучаюць для працы з “дармаедамі” таксама і ў рэгіёнах.
Нагадаем, 21 студзеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба больш актыўна залучаць на рынак працы тых, хто не працуе. Асабліва ён зважаў на Менск. А ў лістападзе 2024-га дыктатар сказаў, што ў Беларусі не павінна быць “валацуг і дармаедаў”.