Асуджаны за п'янае ДТЗ расейскі актор Міхаіл Яфрэмаў выйшаў на волю з калоніі
37- 9.04.2025, 9:56
- 11,200

Актора вызвалілі паводле УДВ.
Расейскі актор Міхаіл Яфрэмаў выйшаў на волю з калоніі, піша ТАСС са спасылкай на яго адваката Юрыя Падалку. Артыст пакінуў тэрыторыю ПК-4 у Аляксееўцы Белгародскай вобласці.
"Міхаіл Алегавіч ужо вызвалены ў законным парадку і выехаў на месца сваёй рэгістрацыі ў горад Маскву", - сказаў адвакат.
Згодна з пастановай суда, Яфрэмаў павінен раз на месяц з'яўляцца на ўлік у кантрольныя органы і не мяняць сталага месца жыхарства. У выпадку парушэння грамадскага парадку або ўхілення ад выканання ўскладзеных абавязкаў яго ўмоўна-датэрміновае вызваленне можа быць скасаванае, піша RTVI.
Адвакат актора раней паведаміў, што Яфрэмаў пасля УДВ з калоніі адправіцца ў Маскву для лячэння хранічнай хваробы лёгкіх.
"Яму трэба праходзіць лячэнне, бо ў яго абвастрылася хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх", — зазначыў Падалка.
Нагадаем, аварыя, за якую судзілі Яфрэмава, адбылася ўвечары 8 чэрвеня 2020 года. Jeep Grand Cherokee вылецеў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з Lada, кіроўца якой Сяргей Захараў атрымаў цяжкія траўмы і памёр у лякарні. Пасля ДТЗ Яфрэмаў сам выйшаў з аўто, яго затрымалі і адправілі на агляд. Высветлілася, што актор быў п'яны.
У пачатку верасня 2020 года суд прызнаў актора вінаватым у аварыі і прысудзіў да васьмі гадоў калоніі, а праз месяц скараціў тэрмін пакарання да сямі з паловай гадоў.