Мінлясгас прадказаў знікненне ялін на большай частцы Беларусі
20- 9.04.2025, 9:21
- 7,514

Якія дрэвы іх заменяць?
Звыклыя беларусам елкі могуць знікнуць з паўднёвай і цэнтральнай частак краіны ў найбліжэйшыя 50-100 гадоў. Такі прагноз агучыў галоўны спецыяліст управы лясной гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Аўсей. Віной усяму, паводле ягоных слоў, глабальнае пацяпленне і звязаныя з ім змены, піша "Тэлеграф".
У сваім выступе чыноўнік патлумачыў, што Беларусь з'яўляецца паўднёвай мяжой арэала распаўсюджвання елкі еўрапейскай. З-за "павелічэнні сярэднегадовай тэмпературы паветра" і "зніжэння ўзроўню грунтавых вод" гэты самы арэал, як сцвярджае спецыяліст, "паступова ссоўваецца на поўнач".
"Таму, з паўднёвай і з цэнтральнай часткі Беларусі, паводле прагнозаў навукоўйцаў, найбліжэйшыя 50-100 гадоў елка пойдзе на паўночную частку нашай краіны", — заявіў Аўсей.
Watch on TikTok
Праблема пагаршаецца, як вынікае з каментара ведамства, яшчэ і цыклічнымі ўспышкамі размнажэння караеда-тыпографа, які пашкоджвае менавіта яловыя насаджэнні. У той час як хвоі пакутуюць ад іншага шкодніка - вяршыннага караеда, чыя актыўнасць была асабліва высокая ў 2017-2019 гадах.
Што ж прапаноўвае Мінлясгас наўзамен “елкі, якая сыходзіць на поўнач”? Паводле слоў Аўсея, у паўднёвых рэгіёнах ужо "актыўна выкарыстоўваюцца" для лесааднаўлення іншыя, больш устойлівыя да новых умоў, драўняныя віды: дуб, ясень, клён, вяз, а таксама лістоўніца еўрапейская.
Акрамя таго, вядуцца "навуковыя працы" аб адзнацы эфектыўнасці выкарыстання піхты белай (якая, дарэчы, сама з'яўляецца абарыгенным відам, занесеным у Чырвоную кнігу) і бука ляснога. Аднак чыноўнік абмовіўся, што перад іх "масавым укараненнем" неабходна "навуковае і ўсебаковае вывучэнне ўсіх аспектаў", уключаючы ўплыў на мясцовую флору.