Ілан Маск выступіў за скасаванне мыт паміж ЗША і Еўразвязам
26- 7.04.2025, 17:30
- 15,030

Мультымільярдэр мяркуе, што паміж Еўропай і Амерыкай павінна быць зона свабоднага гандлю.
Мільярдэр, дарадца прэзідэнта і кіраўнік дэпартамента эфектыўнасці ўрада ЗША Ілан Маск выступіў за нулявыя гандлёвыя тарыфы з Еўразвязам. Такую пазіцыю ён агучыў у суботу, 5 красавіка, у відэазвароце да з'езду ультраправай італьянскай партыі "Ліга" ў Фларэнцыі, піша DW.
Маск за зону свабоднага гандлю з ЕЗ
"Урэшце, я спадзяюся, што будзе дасягнута пагадненне аб тым, што і Еўропа, і ЗША павінны, на мой погляд, у ідэале перайсці да нулявой тарыфнай сітуацыі, фактычна стварыўшы зону свабоднага гандлю паміж Еўропай і Паўночнай Амерыкай", - сказаў Маск.
"Я спадзяюся, што ЗША і Еўропа змогуць устанавіць вельмі шчыльнае партнёрства", - адзначыў ён. “Калі людзі хочуць працаваць у Еўропе ці хочуць працаваць у Паўночнай Амерыцы, ім варта дазволіць гэта рабіць”, - дадаў Маск. Паводле ягоных слоў, гэта "безумоўна была мая парада прэзідэнту".
Прэм'ер Італіі супраць мыт ЗША
Заява Маска прагучала праз тры дні пасля таго, як 2 красавіка Дональд Трамп абвясціў аб увядзенні мыт на 20% на ўвесь імпарт з ЕЗ у ЗША. На ўвоз аўтамабіляў і запчастак накладзены зборы на 25 адсоткаў.
Адной з першых новыя тарыфы раскрытыкавала прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелані. Яна назвала мыты ЗША "няправільнымі і не непрымальнымі для аніводнага з бакоў".
"Мы зробім усё магчымае, каб дасягнуць пагаднення з ЗША і пазбегнуць гандлёвай вайны, якая непазбежна аслабіць Захад на карысць іншых сусветных гульцоў", - адзначыла Мелані. Яна - лідарка правапапулісцкай партыі "Браты Італіі", якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю разам з "Лігай", да якой звяртаўся Маск.