Bloomberg назваў зброю Кітая ў гандлёвай вайне з Трампам
7- 7.04.2025, 12:38
- 13,464

Пекін уступае ў канфрантацыю з Вашынгтонам.
Кітай выкарыстоўвае рэдказямельныя металы як зброю ў гандлёвай вайне з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, на мінулым тыдні Пекін пашырыў гэтую практыку, абвясціўшы аб новых экспартных абмежаваннях у адказ на дзеянні рэспубліканца, піша Bloomberg.
Трамп у пачатку красавіка абвясціў аб увядзенні гандлёвых мыт у дачыненні да 211 краін і тэрыторый, яны сталі дапаўненнем да ўжо існых збораў. Для Кітая тарыф склаў 34 адсоткі, але з улікам папярэдніх мер мыты дасягнуць 54 адсоткі. У якасці мер у адказ Пекін увёў мыты сумай 34 адсоткі на ўвоз усіх амерыканскіх тавараў і ўзмацніў рэжым экспартнага кантролю наконт сямі кітайскіх рэдказямельных элементаў (самарый, гадаліній, тэрбій, дыспрозій, лютэцый, скандый, ітрый).
Хоць гэта не наўпроставая забарона, пастанова мае на ўвазе, што ўлады будуць старанна кантраляваць усе пастаўкі за мяжу, ацэньваць, хто і навошта з'яўляецца канчатковым пакупніком. Гэтая пастанова, як піша Bloomberg, пагражае дэстабілізаваць сусветныя пастаўкі ключавых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці высокатэхналагічных тавараў - ад электрамабіляў да зброі.
Кітай лідар у вытворчасці рэдказямельных металаў. На дзель краіны, паводле ацэнкі Геалагічнай службы ЗША, прыпадае амаль 70% сусветнай вытворчасці, Злучаныя Штаты залежаць ад паставак. У папярэднія гады Пекін уводзіў аналагічныя абмежаванні ў дачыненні да іншых крытычна важных рэсурсаў - галію, германію, графіту, сурмы.
Апошнія меры не закранулі неадым і празеадым, якія выкарыстоўваюцца ў магутных магнітах. Апытаныя агенцтвам экспэрты дапусцілі, што Кітай выключыў іх, "каб захаваць магчымасць увядзення абмежаванняў у будучыні".
Міністэрства гандлю Кітая заявіла, што кантроль над таварамі падвойнага прызначэння, якія можна выкарыстоўваць у ваенных цэлях, "адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі, рэгіянальнай стабільнасці і міру ва ўсім свеце". Трамп, рэагуючы на адказ кітайскіх уладаў, напісаў у Truth Social, што ўлады краіны "запанікавалі" з-за мыт ЗША і "згулялі няправільна".