Зяленскі назваў імёны ўсіх дзяцей, якіх ракета РФ забіла ў Крывым Розе
14- 5.04.2025, 15:08
- 13,396

Прэзідэнт Украіны выказаў расчараванне рэакцыяй ЗША на расейскі ўдар.
У выніку расейскага нападу па Крывым Розе загінулі 9 дзяцей. Іх імёны ў сваім Telegram-канале назваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Трохгадовы Цімафей, на жаль, памёр сёння ў шпіталі. Сямігадовы Радзіслаў. Арына, якой назаўжды таксама 7 гадоў. Дзевяцігадовы Герман. Пятнаццацігадовы Данііл. Пятнаццацігадовы Мікіта. Пятнаццацігадовая Аліна. Кастусь, якому назаўжды 16 гадоў. Мікіта - 17 гадоў. Гэта дзеці, якія былі забітыя ўдарам расейскай балістычнай ракеты па Крывым Розе. Было ўсяго некалькі хвілін пасля запуску з раёна Таганрога на тэрыторыі ворага», - напісаў Зяленскі.
Ён дадаў, што праз расейскі ўдар таксама загінулі 9 дарослых. Яшчэ 62 чалавекі, з якіх 12 - дзеці, пацярпелі ад ракетнага нападу. Цяпер медыкі робяць усё магчымае, каб выратаваць жыцці гэтых людзей, сказаў Зяленскі.
«Ракета патрапіла проста па вуліцы - вакол звычайныя дамы, дзіцячая пляцоўка, крамы, рэстарацыя. У дадатак да гэтай балістыкі расейцы ўжылі ўчора супраць Крывога Рога ўдарныя дроны - проста падчас выратавальнай аперацыі, падчас гэтага гора для людзей. Праз удар дронамі 7 чалавек былі параненыя, адзін чалавек загінуў. Проста не бывае больш глыбокіх цынізму, подласці і нянавісці да людзей, чым тыя, якія Расея сабой зараз увасабляе», - дадаў Зяленскі.
Прэзідэнт падзякаваў краінам-партнёрам, якія адрэагавалі на расейскую атаку. У той жа час ён адзначыў, што яго «непрыемна здзіўляе» рэакцыя пасольства ЗША на гэтую трагедыю.
«Такая моцная краіна, такі моцны народ - і такая слабая рэакцыя. Нават слова «расейская» баяцца сказаць, кажучы аб ракеце, якая забіла дзяцей. Так, вайна павінна скончыцца. Але каб яе скончыць, трэба не баяцца называць рэчы сваімі імёнамі. Трэба не баяцца ціснуць на таго адзінага, хто гэтую вайну прадаўжае і ігнаруе ўсе прапановы міру для яе заканчэння. Трэба ціснуць на Расею, якая выбірае забойствы дзяцей замест спынення агню», - напісаў Зяленскі.