Як беларусы могуць адмовіцца ад удзелу ў «суботніку»?
19- 5.04.2025, 11:08
- 11,142

Дастаткова спаслацца на адзін артыкул Працоўнага кодэкса.
На наступных выходных, 12 красавіка, у Беларусі запланаваны першы сёлета «рэспубліканскі суботнік».
«Смартпресс» распавёў аб нюансах у правядзенні гэтага «мерапрыемства».
Па-першае, партал адзначае, што, паводле пастановы Саўміна, мерапрыемства праводзіцца «выключна на добраахвотнай аснове». Пры гэтым як такога паняцця «суботнік» не існуе. Мяркуецца, што гэта — «свядомая арганізаваная бясплатная праца на карысць грамадства ў вольны ад працы час».
Адмовіцца ад удзелу можна, спаслаўшыся на артыкул 137 ПК РБ - усе работнікі маюць права на выходныя дні, якія яны могуць выкарыстоўваць на сваё меркаванне. Адпаведна, адмова ад удзелу ў суботніку — не дысцыплінарная правіна. Наймальнік не мае права патрабаваць ад работнікаў выканання работы пад пагрозай ўжывання якога-небудзь уздзеяння (ч.2 арт.13 ПК).
Аднак калі паўдзельнічалі - аплата за гэты дзень не прадугледжаная. Выключэнне складаюць толькі выпадкі, калі суботнік праводзяць у працоўны дзень (змену) - тады наймальнік абавязаны заплаціць супрацоўніку за фактычна адпрацаваны час.
Дарэчы, дадатковы выхадны таксама не пакладзены - заканадаўства Беларусі не прадугледжвае адпачынак за ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах, такіх як «суботнікі», святочныя дэманстрацыі і іншыя.