Зяленскі звольніў кіраўніка Сумскай вайсковай адміністрацыі
15- 15.04.2025, 14:55
- 8,268

Пасля гібелі 35 чалавек у выніку расейскага ўдару па горадзе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звольніў кіраўніка Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Уладзіміра Арцюха. Яго пастанову падтрымаў урад, паведаміў сталы прадстаўнік кабміна ў Вярхоўнай Радзе Тарас Мельнічук. Вызваленую пасаду зойме генерал паліцыі трэцяга рангу Алег Грыгараў. Раней ён служыў на кіроўных пасадах у Нацыянальнай паліцыі Запарожскай, Сумскай і Луганскай абласцей, піша The Moscow Times.
Арцюх - генерал-лейтэнант Узброеных сіл Украіны (УСУ). Ён займаў пасаду кіраўніка Сумскай АВА з красавіка 2023 года. 13 красавіка расейскія вайскоўцы ўдарылі па Сумах ракетамі «Іскандэр», у выніку загінулі 35 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, і амаль 120 пацярпелі. Мінабароны РФ заявіла, што цэллю было месца нарады каманднага складу ўкраінскай аператыўна-тактычнай групы «Поўнач». Украінскія ўлады абвінавачвалі Арцюха ў тым, што ён арганізаваў у Сумах узнагароджанне вайскоўцаў 117-й брыгады тэрабароны УСУ. Сам ён сцвярджаў, што быў усяго толькі запрошаны на імпрэзу.