«А ў пачатку красавіка спісалі з рахунку амаль $128»
19- 15.04.2025, 9:04
- 15,872

Гэтая камісія абурае беларусаў, але банкі яе ўсё адно ўводзяць.
Два гады таму некаторыя банкі пачалі ўводзіць валютную камісію для тых, хто захоўвае на рахунках даляры ці еўры. Пастанова закранула кліентаў, якія назапасілі буйныя сумы - звычайна ад $20 тысяч у эквіваленце. З часам валютную камісію сталі ўводзіць усё больш банкаў, піша «Онлайнер».
Навошта яна спатрэбілася, чаму за месяц можна заплаціць 400 рублёў і ці можна абысці гэтую выплату?
«Думаю, што гэта завышаная сума»
Канстанцін - адзін з тых, хто сутыкнуўся з валютнай камісіяй. Мужчына кажа, што даведаўся пра яе, калі правяраў гісторыю аперацый, і дужа здзівіўся.
- Я на працягу доўгага часу захоўваў на валютным рахунку ў БНБ-Банку суму, якая не перавышае $ 20 тысяч. У канцы сакавіка папоўніў рахунак, і сума перавысіла $20 тысяч. А ў пачатку красавіка я бачу спісанне амаль $128 (на той момант 400 рублёў): гэта была камісійная ўзнагарода банку за вядзенне рахунку ў далярах.
Кастусь сцвярджае, што пры занясенні гатоўкі ніхто яго аб такім не папярэджваў.
- Хоць я сам разумею, што павінен быў сачыць за такім момантам і тут вінаваты сам. Але думаю, што гэта неабгрунтавана завышаная сума. І пры наяўнасці такой камісіі банк павінен апавяшчаць кліента абавязкова.
Са слоў мужчыны, ён быў упэўнены, што банкі зацікаўленыя ў тым, каб кліенты актыўна папаўнялі рахункі, але валютныя камісіі прымушаюць думаць аб адваротным.
- У маім разуменні, банкі, наадварот, заўсёды імкнуліся павялічыць рэшту грашовых сродкаў на рахунках. Дарэчы, адкрываў рахунак я выключна дзеля таго, каб не адчуваць праблем з тым, што гатовыя даляры з часам пакрываюцца цвіллю. Таму і даверыў іх банку, тым самым пазбавіўшы сябе гэтай праблемы.
Цяпер трэба вывучаць іншыя варыянты: адкрыць валютны рахунак у банку, дзе камісіі няма, або захоўваць сумы да $20 тысяч на рахунках у розных банках. Ці плаціць камісію і ў наступным месяцы ці шукаць нейкае іншае выйсце з сітуацыі, Канстанцін пакуль не вызначыўся. Але мужчына не выключае, што ў гэтых умовах захоўваць валюту дома стане прымальным варыянтам, бо 400 рублёў за месяц не здаюцца дробяззю.
Што гавораць у банку
Мы папрасілі БНБ-Банк пракаментаваць сітуацыю і адказаць на пытанні:
Як банк вызначае суму камісіі за захоўванне валюты на рахунках і чаму яе ўвялі?
Як банк інфармуе кліентаў аб такіх камісіях, ці павінен папярэджваць кліентаў аб камісіі пры папаўненні рахунку?
Якія альтэрнатывы могуць разгледзець кліенты, каб не плаціць камісію?
- Камісія за вядзенне рахункаў у замежнай валюце ўпершыню з'явілася ў банкаўскім сектары ў 2023 годзе і паступова становіцца стандартнай практыкай. Сёння, паводле нашых звестак, падобная камісія ў тым ці іншым выглядзе ёсць у сямі беларускіх банкаў, - адзначаюць у БНБ-Банку. - У апошнія гады відавочны трэнд на дэдалярызацыю беларускай эканомікі: усё большую ролю пачынае адыгрываць беларускі рубель, бізнэсу не трэба столькі валюты, як раней. У той жа час у Беларусі на падставе пастановы ўправы Нацыянальнага банка №781 ад 30 снежня 2015 года існуе так званы ФАР (фонд абавязковых рэзерваў).
Як гэта працуе: банкі павінны трымаць сродкі на рахунку ў Нацыянальным банку ў форме абавязковага рэзерву - у памеры 20% ад сумы валютных рэшткаў. Гэтыя адлічэнні ў ФАР банкі робяць у беларускіх рублях.
Таму фактычна ляжалая на рахунку валюта для банка не бясплатная, а, наадварот, прыносіць выдаткі: яна каштуюць банку 20% ад сярэдняга кошту ўкладаў, якія прыцягваюцца ў беларускіх рублях.
У сувязі з гэтым банкі ўводзяць камісіі, каб рэгуляваць колькасць валютных астаткаў і аптымізаваць свае выдаткі.
У БНБ-Банку камісія за вядзенне рахункаў у замежнай валюце прымяняецца, калі агульная сума на рахунках або картах кліента перавышае ўстаноўлены ліміт:
для сум ад $20 000 да $30 000 (уключна) у эквіваленце - камісія 400 рублёў;
для сум ад $30 000 да $40 000 (уключна) у эквіваленце - камісія 750 рублёў;
для сум больш за $40 000 у эквіваленце — камісія ў памеры 0,2% ад сумы перавышэння, мінімум 1000 рублёў.
- У БНБ-Банку разлік сумы ажыццяўляецца толькі на апошні дзень месяца, перавышэнні ў іншыя дні не ўлічваюцца. Паводле прапорцыі памеру камісія БНБ-Банка знаходзіцца ў дыяпазоне сярэднерынасчнай, - адзначаюць прадстаўнікі банка.
Як кліенты павінны даведвацца аб зменах? У банку кажуць, што пра іх паведамляюць у раздзеле "Навіны" на сваім сайце, а таксама ў мабільным дадатку.
- Акрамя таго, усім кліентам, якія пры змене тарыфу падпадаюць пад умовы прымянення камісіі, мы робім персанальную інфармацыйную рассылку або тэлефануем асабіста.
Калі ўзнікаюць якія-небудзь сумневы, можна патэлефанаваць у банк і пагутарыць са спецыялістамі праз тэлефон.
Каб не плаціць камісію за вядзенне рахункаў у замежнай валюце, можна аформіць ўклад - у такім выпадку банкі не будуць браць гэтую плату.
Але ці будзе гэта выгадна? Разгледзім на прыкладзе ў тым жа БНБ-Банку: там зараз дзейнічае стаўка 1% для тэрмінаў 13, 24, 36 месяцаў і 0,1% для тэрміна 6 месяцаў. Калі, напрыклад, аформіць уклад на $20 100 на 13 месяцаў, то чысты даход складзе $190 (гэта сума ўжо за вылікам падаходнага падатку).
Але прыбытковасць, як звычайна, будзе вышэйшая ва ўкладах у беларускіх рублях. Калі тыя ж $20 100 абмяняць на беларускія рублі і пакласці на тыя ж 13 месяцаў, але ўжо пад 16% гадавых, то можна будзе атрымаць даход у памеры 11 805 рублёў.
Ці могуць увесці такую камісію ва ўсіх банках?
Банкі самі вырашаюць, уводзіць яе ці не. У шэрагу банкаў камісіі за захоўванне валюты зараз няма.
Стаўкі на валютных укладах у банках цяпер невысокія, таму прыкметна зарабіць на дэпазітах не ўдасца, але ў такім выпадку хаця б не давядзецца плаціць камісію.