У Польшчы падпісаны закон аб даручэнні працы замежнікам
1- 14.04.2025, 21:59
- 12,682

Што зменіцца для беларусаў?
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў Закон аб даручэнні працы замежнікам. Ён распрацоўваўся, каб ухіліць злоўжыванні пры выдачы працаўнікам дакументаў для атрымання шэнгенскіх візаў, піша Most.
«Гэтая мэта будзе дасягнутая, сярорд іншага, укараненнем новых функцый у інфармацыйныя сістэмы, узмацненнем ролі дзяржаўных службаў занятасці ў працэсе выдачы дазволаў, а таксама лепшай інтэграцыяй інфармацыйных сістэмаў розных установаў», – заявілі ў Міністэрстве сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы.
Працэдура выдачы дазволаў на працаўладкаванне стане поўнасцю электроннай. Гэта дазволіць скараціць тэрміны разгляду заяваў.
Пры гэтым узмоцніцца кантроль. Ваявода адмовіць працадаўцу ў выдачы дазволу на працу іншаземца, калі ў гэты момант фірма не вядзе дзейнасць, якая апраўдвае ўдзел замежнага супрацоўніка. Акрамя таго, дазвол не дадуць, калі ваявода будзе меркаваць, што рэальная мэта наймальніка – аблегчыць замежнікам уезд на тэрыторыю Польшчы.
Сярод іншых прынятых захадаў – скасаванне так званага «тэсту рынку працы» – працэдуры праверкі, ці можна на прадпрыемства, якое хоча наняць замежніка, працаўладкаваць польскага беспрацоўнага, які стаіць на біржы працы. Замест гэтага ўвядуць хутчэйшую і эфектыўную працэдуру.
Паветы змогуць самі вызначаць, у якіх галінах абмяжоўваць працаўладкаванне замежнікаў і на які перыяд.
Асобна прапісаныя захады інтэграцыі замежных супрацоўнікаў. З'явіцца магчымасць рэалізацыі інтэграцыйных праграмаў для замежных супрацоўнікаў (перш за ўсё гэта мае на ўвазе дапамогу ў вывучэнні польскай мовы). Дзяржаўныя службы занятасці змогуць ствараць спецыялізаваныя цэнтры падтрымкі замежнікаў на рынку працы.
Якія захады не прайшлі
У розных варыянтах праект закона быў нашмат больш жорсткім. Напрыклад, прапаноўвалася значна павялічыць адказнасць за нелегальнае працаўладкаванне замежнікаў, а таксама абавязаць агенцтвы часовага працаўладкавання заключаць з замежнікамі працоўныя кантракты (umowy o pracę), а не грамадзянска-прававыя дамовы. Абодва захады былі адхіленыя ў працэсе абмеркавання.