Лукашэнка запатрабаваў, каб арганізацыі на першых паверхах за свой кошт рамантавалі фасады
18- 14.04.2025, 14:31
- 6,520

Дыктатар хоча перакласці рамонт на прадпрымальнікаў.
Арганізацыі, якія займаюць першыя паверхі будынкаў, трэба залучаць да падтрымання фасадаў у нармальным стане. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 14 красавіка з дакладам старшыню Менгарвыканкама Уладзіміра Кухарава.
«У нас амаль у кожным доме на першых паверхах камерцыйныя структуры, дзяржаўныя прадпрыемствы. Мы дамаўляліся калісьці: фасад - за імі. Мы ўжо не нагружаем, каб яны ўнутры жыхарам дапамагалі рамантаваць і балконы ў парадак прыводзіць. Фасады няхай прыводзяць у парадак. За свой кошт. Каму трэба дапамагчы, вы разбярыцеся», - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама запатрабаваў прывесці Менск у парадак у Год добраўпарадкавання, таму што «як будзе ў Менску, так будзе ва ўсёй краіне».
«Гэта не значыць, што мы недзе падмесці вуліцы павінны ці дрэўцы высадзіць. Трэба перш за ўсё, каб за кожны квадратны метр у Менску адказвалі канкрэтныя людзі, прадпрыемствы і арганізацыі», - дадаў дыктатар.
Акрамя таго, ён выставіў патрабаванне і наконт жылой забудовы:
«Унутры тэрыторыі павінны быць акультураныя, дагледжаныя, у тым ліку і двары, дзе жывуць жыхары. Кіраўнікам адміністрацый на месцах задачу стаўце. Яны няхай жорстка патрабуюць. Жорстка патрабуюць, бо захварэе чалавек - бясплатна лечым, выдаткоўваем каласальныя грошы. Дык давайце адсюль пачынаць».