Знялі з пасады першага намесніка Калавура, які быў у кіраўніцтве Нацбанка 12 гадоў
8- 28.03.2025, 11:15
- 7,112

Яго не перавялі на іншую пасаду, а проста адправілі ў адстаўку.
Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка наладзіў чарговую перастаноўку кадраў. Раніцай 28 сакавіка быў афіцыйна апублікаваны шэраг указаў аб назначэннях. З аднаго з указаў стала вядома аб звальненні першага намесніка старшыні ўправы Нацыянальнага банка Сяргея Калечыца, піша «Белсат».
Ва ўказе пазначана, што Калечыц вызвалены ад пасады. У адрозненне ад некаторых іншых указаў, не пазначана, што яго пераводзяць на іншую пасаду.
Калечыц працаваў у Нацбанку з 1995 года, у 2013-м быў прызначаны намеснікам старшыні ўправы, у 2021-м - першым намеснікам старшыні ўправы.
На яго месца 27 сакавіка Лукашэнка прызначыў Аляксандра Ягорава - былога старшыню ўправы «Банка развіцця», які ўсяго год таму быў прызначаны намеснікам старшыні Адміністрацыі Лукашэнкі.
Старшыня ўправы Нацбанка змяніўся 10 сакавіка: на месца Паўла Калавура, які кіраваў Цэнтральным банкам Беларусі больш за дзесяць гадоў, быў прызначаны экс-прэм'ер Раман Галоўчанка. Экспэрты пачалі асцерагацца за Нацбанк: Калавур спрабаваў праводзіць рацыянальную палітыку, пра Галоўчанку ж Лукашэнка казаў, што той хацеў «большай уцягнутасці банка і банкаўскай сістэмы ў эканоміку».
Калавура маглі зняць з-за яго нязгоды з палітыкай выдачы крэдытаў расейскім прадпрыемствам у канцы 2024 года. Або маглі зняць за яго спробы абмежаваць выдачу крэдытаў неплатаздольным дзяржаўным прадпрыемствам. Або проста за спробы захаваць незалежнасць Нацбанка ад урада.