Стармер: Расея «гуляе ў гульні» для задоўжвання часу
1- 27.03.2025, 21:43
- 2,940

Прэм'ер Вялікай Брытаніі заклікаў узмацніць санкцыі супраць РФ.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер пасля саміту «кааліцыі ахвотных» у Парыжы 27 сакавіка заявіў, што гэта была «вельмі канструктыўная» сустрэча, піша The Guardian.
«Была абсалютная яснасць, што Расея спрабуе задоўжыць [мір], гуляе ў гульні, і мы павінны абсалютна дакладна гэта разумець», – сказаў ён пасля заканчэння сустрэчы, якую ён пакінуў разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Паводле словаў Стармера, лідары пагадзіліся з тым, што Украіне патрэбная вялікая падтрымка, каб пераканацца, што Кіеў займае максімальна магчымую моцную пазіцыю як цяпер, так і ў далейшых перамовах.
Таксама кіраўнік брытанскага ўраду дадаў, што сярод прысутных была «поўная яснасць, што цяпер не час зняцця санкцый».
«Наадварот, мы абмяркоўвалі, як мы можам узмацніць санкцыі, каб падтрымаць ініцыятыву ЗША, каб змусіць Расею да перамоваў шляхам далейшага ціску з боку гэтай групы краінаў», – дадаў ён.
Паводле ягоных словаў, на сустрэчы таксама абмяркоўваліся далейшыя «ваенныя і аператыўныя» планы падтрымкі любога спынення агню і міру ва Украіне «на зямлі, у паветры або на моры».
«Сустрэча паказала, што вельмі многія краіны стаяць, як яны стаялі ўжо больш за тры гады, з Украінай у гэты вызначальны момант столькі, колькі трэба», – рэзюмаваў Стармер.
Пасля на прэс-канферэнцыі прэм'ер Вялікай Брытаніі дадаў, што ўдзельнікі сустрэчы «пагадзіліся, што расейцы гуляюць у філібусцьерства».
«Гэта класіка з падручніка Пуціна, але мы не можам дазволіць ім задоўжваць гэта, пакуль яны прадаўжаюць сваё незаконнае ўварванне», – сказаў ён.