1 красавiка 2025, aўторак, 2:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі ўпала адзіная дзяржсістэма кантролю за зваротам алкаголю

7
У Расеі ўпала адзіная дзяржсістэма кантролю за зваротам алкаголю

Стаяць і вытворчасць, і продажы.

Праз збой у сістэме кантролю за вытворчасцю і абаротам алкаголю ЕДАІС у Крыме, Падмаскоўі і іншых рэгіёнах Расеі ўзніклі перабоі з алкаголем. Рытэйлеры ўжо трэці дзень не могуць прыняць новыя партыі тавару, а некаторыя бары – нават не наліваюць кліентам, расказалі некалькі ўдзельнікаў рынку, піша The Moscow Times.

Позна ўвечары (блізу 23-й) у сераду 25 сакавіка Федэральная служба кантролю за алкагольным і тытунёвым рынкамі (РАТК) паведаміла, што «ў сувязі са збоем у сетцы электрасілкавання, магчымыя затрымкі ў фіксацыі дакументаў у ЕДАІС цягам наступных 5 гадзінаў». Аднак пяць гадзінаў расцягнуліся надоўга.

Да таго часу, калі РАТК прызнала праблему, ЕДАІС не працавала ўжо некалькі гадзінаў, прынамсі ў Падмаскоўі, расказаў супрацоўнік федэральнай раздробнай сеткі. Праз гэта ягоная кампанія не магла прыняць пастаўкі алкаголю і адгрузіць іх у крамы, кажа ён: «Касы сварацца на маркі».

«ЕДАІС не тое, што зусім не працавала, проста большая частка адпраўленых у сістэму дакументаў не апрацоўвалася», – кажа супрацоўнік кампаніі – дыстрыбутара алкаголю. 25 сакавіка ў Краснаярску ён быў сведкам таго, як бар іхняга партнёра праз збой ЕДАІС не мог наліваць спіртное кліентам.

Увечары на наступны дзень, 26 траўня, РАТК паведаміла, што «наступствы збою ў сетцы электрасілкавання лакалізаваныя» і «фіксацыя дакументаў у ЕДАІС ажыццяўляецца ў штатным рэжыме».

Гэта не так: асобныя заяўкі сапраўды паспяхова апрацоўваюцца, але гэта хутчэй выключэнне з правіла, гавораць апытаныя The Moscow Times ўдзельнікі рынку. Праблема ў Падмаскоўі захоўваецца, наракае супрацоўнік федэральнай сеткі. «Амаль тры дні цалкам "ляжыць" ЕДАІС у Крыме, стаяць і вытворчасць, і продажы, вялікія праблемы ў Сібіры», – называе супрацоўнік дыстрыбутарскай кампаніі.

Пра тое, што ЕДАІС не апрацоўвае палову заказу ўжо амаль тры дні, паведаміў і дэмограф Аляксандр Ракша са спасылкай на свайго знаёмага ў буйной лагістычнай кампаніі. «Калі так і не паправяць, у "Брыстолі" і КіБы ("Красное і Белое" – VPost) лепш у выходныя не хадзіць. Там будзе пуста з бюджэтным пойлам», – цытуе Ракша свайго знаёмага.

Да вечару 27 сакавіка паведамленне пра «штатны рэжым» было апошнім на старонцы РАТК ва «УКантакце», а карыстальнікі ў каментарах прадаўжалі скардзіцца на праблемы з афармленнем дакументаў: давесці яго да канца ўдавалася нямногім. У чацвер перасталі працаваць сайт і электронная пошта службы – таму адправіць запыт у РАТК не атрымалася. Крыніца ў адной з асацыяцый вытворцаў алкаголю сцвярджае, што ў РАТК звязваюць збоі з хакерскім нападам.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках