СМІ: Кадыраў уступіў у канфлікт з Крамлём
- 27.03.2025, 16:21
- 21,852

Кіраўнік Чачэніі вядзе перамовы з шэрагам мусульманскіх манархій.
У апошнія месяцы стасункі паміж Рамзанам Кадыравым і Уладзімірам Пуціным разладзіліся. Пра гэта «Важным историям» расказаў былы супрацоўнік ФСБ, які спецыялізаваўся на Паўночным Каўказе, і пацвердзіў яго дзейны калега. Часткова гэтыя звесткі пацвердзілі паўночнакаўказская журналістка і праваабаронцы, з якімі паразмаўляла выданне.
Са слоў крыніцы «Важных историй», галоўнай прычынай разладу Кадырава з Пуціным стала інфармацыя ад ФСБ аб частых і не ўзгодненых з Крамлём перамовах кіраўніка Чачэніі наконт будучыні сваіх актываў і бяспекі сваёй сям'і з прадстаўнікамі блізкаўсходніх мусульманскіх манархій.
Кадыраў ужо даўно і цяжка хворы. Як расказвалі ў сваім расследаванні журналісты «Новай газеты Еўропа», у яго сур'ёзныя праблемы з ныркамі і падстраўнікавай залозай.
Мяркуючы з таго, з якімі намаганнямі ён гаворыць, ягоная хвароба прагрэсуе. Хоць Кадыраў і спрабуе схаваць пагаршэнне стану падвышанай медыйнай актыўнасцю, у апошнія месяцы ён усё часцей надоўга знікае з публічнага поля. У студзені і лютым кіраўнік Чачэнскай рэспублікі доўгі час не з'яўляўся ў аб'ектывах камер, пазней апраўдаўшы гэта адпачынкам.
«Няма хваробы, якую б мне не прыпісалі», – пракаментаваў ён сітуацыю са сваім знікненнем. З тых часоў Кадыраў не рабіў гучных заяў і публікаваў толькі ролікі сваіх «інспекцый» у краіне, якія звычайна здымаюцца загадзя як так званыя кансервы.
Кіраўнік Чачэніі добра разумее, як трымаецца ўлада ў ягоным рэгіёне і што можа чакаць чальцоў ягонай сям'і ў выпадку ягонага сыходу. Ён таксама ведае цану абяцанням і гарантыям бяспекі з боку федэральнага цэнтра.
Няўпэўненасць у будучыні сваіх шматлікіх сваякоў прымусіла яго шукаць гарантыі для іх у блізкаўсходніх мусульманскіх краінах, з кіраўнікамі якіх у Кадырава склаліся даўнія прыяцельскія стасункі. Са слоў крыніц «Важных историй», кіраўнік Чачэніі спрабаваў схаваць гэтыя перамовы ад Крамля, пра што тут жа даведалася ФСБ і паведаміла Пуціну.
Нядаўна, напрыклад, Кадыраў прыбраў з дзяржаўных пасад сваё старэйшае дзіця, 26-гадовую дачку Айшат. З 2020 года Айшат, найбольш набліжаная да бацькі з усіх дзяцей, стала першай намесніцай міністра культуры Чачэніі, пазней узначаліла міністэрства, а ўжо ў 2023-м стала віцэ-прэм'ерам рэспублікі. Паралельна таму, як стасункі Кадырава з Крамлём пагоршыліся, Айшат сышла з пасады і стала ўладальніцай найбуйнейшага экспарцёра Чачэніі, кампаніі «Чачэнскія мінеральныя воды», пісала выданне «Вёрстка». Да гэтага кампанія таксама належала сям'і Кадырава – спачатку праз фонд імя Ахмата Кадырава, затым праз двух намінальных уладальнікаў.
У канцы сакавіка імёны Айшат Кадыравай і малодшай дачкі кіраўніка Чачэніі Табарык схавалі з рэестра юрыдычных асоб.
Разлад з Крамлём закрануў і найбліжэйшага паплечніка Кадырава, дэпутата Дзярждумы Адама Дэлімханава.
«З пачатку 2025 года Адам Дэлімханаў катэгарычна адмаўляецца ад удзелу ва ўсіх сілавых разборках, якая б сума ні стаяла на коне. Абраным, якія наўпрост могуць звярнуцца да Дэлімханава, ён заяўляе, што «на самым версе» атрыманае строгае ўказанне, каб чачэнскія лідары і сілавікі не былі задзейнічаныя ў якіх-небудзь падобных гісторыях і ўвогуле менш «свяціліся», — пісаў тэлеграм-канал пра расейскіх сілавікоў ВЧК. Крыніцы «Важных историй» пацвярджаюць гэтую інфармацыю.
Незалежная журналістка, якая працуе ў паўночнакаўказскім рэгіёне, на ўмовах ананімнасці кажа, што пра канфлікт Кадырава і Дэлімханава з Крамлём таксама стала вядома каўказскай праваабарончай супольнасці.
Прадстаўнік чачэнскага руху «Нійса» Ансар Дзішні ў гутарцы з «Важными историями» кажа, што «Адаму Дэлімханаву сапраўды далі зразумець межы ягоных магчымасцяў».
Паводле ягоных слоў, Дэлімханаў пакуль што застаецца ў «Прэзідэнт-Атэлі» на Вялікай Якіманцы ў Маскве - гэта месца служыць штабам для прадстаўнікоў Кадырава ў сталіцы. Крэмль і ФСБ засталіся незадаволеныя тым, што Дэлімханаў апошнім часам арганізоўваў крымінальныя схемы, якія ўключаюць рэйдэрства і вымагальніцтва, без узгаднення з кіраўніцтвам краіны, кажуць праваабаронцы. Пра якія менавіта акцыі каманды Дэлімханава ідзе гаворка, Дзішні не ўдакладніў.