Капітан ВМС Украіны: Мэты Крамля выдаў выбар удзельнікаў дэлегацыі
4- 26.03.2025, 14:36
- 14,780

На перамовах у Савудаўскай Арабіі Расею прадстаўляў архітэктар падзелу Каспійскага мора.
Адной з тэм перамоў паміж Расеяй, ЗША і Украінай у Савудаўскай Арабіі было «замірэнне ў Чорным моры». Расейцы выставілі шэраг патрабаванняў для спынення агню. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоная адміністрацыя вывучае ўмовы Крамля.
Чаму на перамовах узнікла пытанне Чорнага мора? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з капітанам ВМС Украіны I рангу, кіраўніком вайсковых праграм Цэнтра глабалістыкі «Стратэгія ХХI» Паўлам Лакійчуком.
- Расейцы згаджаюцца на перамовы толькі ў тых пытаннях, дзе яны не маюць відавочнай перавагі. Як толькі Украіна пачала паспяхова наносіць удары ўглыб іх тэрыторыі, якія сур'ёзна закранулі расейскую вайсковую эканоміку і асноўныя крыніцы даходаў ад экспарту нафты, то адной з магчымых тэм перамоў стала замірэнне што да глыбокіх удараў і нападаў на інфраструктуру.
Другая сітуацыя датычыцца Чорнага мора. У адрозненне ад наземных адрэзкаў межаў ці лініі баявых дзеянняў, у Чорным моры ініцыятыва відавочна не на баку Расеі. Больш за тое, ініцыятыва там належыць Украіне. Украінскім вайскоўцам удалося выгнаць расейскіх акупантаў з паўночна-заходняй часткі Чорнага мора, фактычна са значнай часткі заходняга сектара. Расейскі флот быў вымушаны перамясціцца з Севастопаля ў Новарасійск.
Мы адмовіліся ад прапанаванага Расеяй дыскрымінацыйнага мараторыя на дзеянні ў Чорным моры, і зараз эканамічная сітуацыя гаворыць сама за сябе. Нашы дунайскія парты, Ізмаіл, Белгарад-Днястроўскі, Рэні, пачынаюць губляць кліентуру, бо асноўная плынь грузаў вяртаецца ў парты Вялікай Адэсы. Марскі трафік нашых партоў ужо дасягае практычна ўзроўню 2021-га года, гэта значыць, да пачатку поўнамаштабнай вайны.
Расейцам гэта не падабаецца, яны жадаюць вярнуць усё ў зыходнае становішча. Таму Крэмль гатовы пайсці на перамовы па марской тэматыцы, каб дыпламатычным шляхам вярнуць сваю перавагу. Не выпадкова на перамовах у Савудаўскай Арабіі расейскую дэлегацыю прадстаўляюць генерал Сяргей Бяседа, вядомы ідэолаг акупацыі Украіны, а таксама Рыгор Карасін - былы намеснік міністра замежных спраў РФ, цяпер сенатар.
Менавіта яго заслугай з'яўляецца раздзел Каспійскага мора ў тых суадносінах, якія максімальна выгадныя для Расеі, але супярэчаць міжнароднаму марскому праву і прынцыпам вызначэння марскіх меж. Таксама ён вядомы сваім удзелам у падпісанні вельмі нявыгаднай для Украіны дамовы па Азоўскім моры пасля расейскай правакацыі на востраве Тузле ў 2003-м годзе.
Рыгор Карасін запомніўся мне адной фразай падчас перамоў аб дэлімітацыі Азоўскага мора, калі ўкраінскія перамоўнікі ўказалі на неабходнасць прытрымлівацца міжнароднага марскога права, Карасін адказаў: «Я тут і ёсць міжнароднае марское права». Вось вам і ўсе перадумовы да магчымага марскога замірэння.
- Украіна відавочна мае перавагу ў Чорным моры дзякуючы развіццю беспілотнага флоту. З вайсковага пункту гледжання, ці выгаднае Кіеву такое замірэнне?
- Пакуль канчатковыя вынікі невядомыя, можна адзначыць два аспекты. Першае: гаворка ідзе аб паўночна-заходняй частцы Чорнага мора - гэта Адэская затока і акваторыя паміж акупаваным Крымам, Украінай і Румыніяй.
Вайна пачыналася з блакады расейцамі нашага мора. Дзякуючы нашым ракетным комплексам «Нэптун» і «Гарпун», а затым і марскім дронам, удалося выцесніць расейскія сілы з гэтай акваторыі і аднавіць мірнае суднаходства ва ўкраінскіх партах. Гэта заслуга ўкраінскіх вайскоўцаў.
Цяпер мы пераходзім да дыпламатыі - калі Злучаныя Штаты прызнаюць расейскае права на акупаваны Крым, то аўтаматычна прызнаюць і тэрытарыяльныя воды, і эканамічную зону вакол паўвострава. Пры такім варыянце замірэння Украіне застанецца толькі вузкая палоска паміж востравам Змяіным і румынскімі тэрытарыяльнымі водамі, якая не кантралюецца Расеяй. Фактычна гэта азначае вяртанне блакады прыкладна 75% украінскага ўзбярэжжа. Каму гэта выгадна?
Яшчэ адзін важны момант, які актыўна абмяркоўваюць і амерыканцы, - гэта збожжавая ўгода 2022-га года. Пасля выхаду Расеі з гэтай дамовы яна разлічвала цалкам спыніць марскі трафік. Гэта пагадненне першапачаткова мела дыскрымінацыйны характар у дачыненні да Украіны.
Сёння ўсім вядомыя назвы суднаў пад цывільнымі сцягамі, якія перавозяць расейскую зброю ў Чорнае і Міжземнае мора, аднак ніякіх санкцый на іх не накладваецца, яны свабодна праходзяць Чарнаморскія пратокі. З іншага боку, цывільныя судны трэціх краін, якія перавозяць сельскагаспадарчыя грузы ва Украіну або вывозяць украінскае збожжа, праходзілі надгляд расейска-ўкраінска-турэцкай камісіяй.
Удзел Расеі стаў своеасаблівым вузкім бутэлечным рыльцам. Калі расейскі бок наважыў прапусціць, напрыклад, чатыры судны, яны прыбывалі на дагляд, маглі сказаць: «Можаце праходзіць». А потым: «У нас абед да заўтра, таму астатнія таксама чакаюць». Такім чынам, больш ніякія судны не даглядаліся.
У перыяды, калі Расея выходзіла са збожжавага пагаднення, украінска-турэцкая камісія прапускала да 40-60 суднаў штодня, што дазваляла хутка разгрузіць гэты корак. Гэты механізм штучным чынам абмяжоўваў доступ ва ўкраінскія парты гібрыднымі метадамі. Аднаўленне збожжавага пагаднення ў такім фармаце стане яшчэ адной перамогай Расеі.
- Выданне Financial Times піша, што Румынія і Балгарыя занепакоеныя перамовамі аб Чорным моры паміж ЗША і Расеяй. Якія могуць быць рыскі?
- На гэты момант украінскія вайскова-марскія сілы адціснулі расейскіх тэрарыстаў з заходняй часткі Чорнага мора. Дзеянні расейскіх караблёў у гэтым рэгіёне зараз вельмі абмежаваныя праз эфектыўную працу нашых марскіх дронаў.
Вяртанне да ранейшай сітуацыі дазволіць Расеі зноў атрымаць доступ у тую акваторыю, з якой яе вайскоўцы былі выгнаныя. Гэта стварае пагрозу мінавання фарватэраў як схаванага, так і адкрытага характару, а таксама міжнародных марскіх шляхоў злучэнняў.
Толькі Расея зацікаўленая ў такой сітуацыі. Таму і Румынія, і Балгарыя занепакоеныя такім развіццём падзей, разумеючы, што ў іх недастаткова сіл для стрымлівання Расеі і правядзення супрацьмінных аперацый.
Турцыя не жадае гуляць ролю міратворца непасрэдна ў акваторыі Чорнага мора, аддаючы перавагу заставацца «над сутычкай», атрымліваючы перавагі ад супрацоўніцтва як з Расеяй, так і з Украінай. Кантралюючы Чарнаморскія пратокі, туркі мяркуюць, што кантралююць Чорнае мора, хоць насамрэч гэта не зусім так.