Мянчук працаваў у хоспісе і афармляў мікрапазыкі на пацыентаў, якія паміралі
7- 25.03.2025, 19:25
- 7,430

Што было далей.
Вынесены прысуд 39-гадоваму раней асуджанаму менчуку, які працаваў у хоспісе і афармляў мікразаймы на пацыентаў, якія паміралі, піша дзяржагенцтва «Менск-Навіны».
У чэрвені 2020-га мянчук вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за забойства. Праз два гады ён уладкаваўся ў хоспіс, там ён даглядаў людзей, якія паміраюць.
Аднойчы мужчына даведаўся, што адзін з мабільных аператараў дае кліентам магчымасць браць мікразаймы, і надумаў гэта скарыстаць.
Ён «пазычаў» у пацыентаў і пацыентак тэлефоны і за гэты час афармляў заяўкі на мікрапазыкі. Іх памер варыяваўся ад 300 да тысячы рублёў. А калі заяўкі ўхвалялі, мужчына пераводзіў грошы на свой асабісты рахунак.
У выпадку калі гаджэты людзей былі старымі і на іх нельга было выйсці ў інтэрнэт, абвінавачаны проста даставаў з іх сім-карты і ўстаўляў у свой мабільнік.
Усяго такім чынам падмануў семярых чалавек – на 4100 рублёў.
Калі афёра выявілася, у дачыненні да менчука пачалі крымінальную справу. Віну ён прызнаў, нанесеную шкоду цалкам кампенсаваў.
«Суд прызнаў яго вінаватым у крадзяжы маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі і на падставе ч. 1 арт. 212 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады 6 месяцаў», – паведаміла памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Юлія Бурчыц, якая выступала дзяржабвінаваўцай.