ЦАХАЛ аднавіў паветраныя ўдары па цэлях у Газе
- 18.03.2025, 9:12
- 1,912

Ізраіль заявіў аб зрыве ўгоды з ХАМАС.
Уночы з панядзелка на аўторак ізраільскае войска нанесла паветраныя ўдары па цэлях у сектары Газа, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы. Міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац заявіў аб тым, што Ізраіль "аднавіў баявыя дзеянні", паведамляе "Радыё Свабода".
Паводле слоў прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, ён аддаў загад аб паветраных ударах у адказ на адсутнасць прагрэсу ў перамовах аб прадаўжэнні рэжыму спынення агню. У заяве міністра абароны Ізраілю гаворыцца аб тым, што баявыя дзеянні не спыняцца да таго часу, "пакуль нашы закладнікі не будуць вернутыя дадому і мы не дасягнём усіх мэт у гэтай вайне".
У заяве групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Еўразвязе, гаворыцца аб тым, што парушэнне Ізраілем дамовы аб спыненні агню ставяць пад пытанне лёс “зняволеных у Газе”.
Прадстаўнік Белага дома Кэралайн Левіт паведаміла аб тым, што Ізраіль папярэдне паведаміў адміністрацыі Трампа аб намеры нанесці паветраныя ўдары.
Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць свае крыніцы ў ізраільскім кіраўніцтве, якія кажуць, што аб'ектамі ўдараў сталі камандзіры ХАМАС сярэдняга ўзроўню, кіраўніцтва групоўкі і яе інфраструктура. Яны мяркуюць, што паветранымі ўдарамі гэтая аперацыя не абмяжуецца.