Хатняя нарыхтоўка Лукашэнкі не мела поспеху
11- 18.03.2025, 15:16
- 33,020

Крэмль указаў дыктатару на ягонае месца.
Палітолаг Валерый Карбалевіч у артыкуле для “Позiрка” звяртае ўвагу на цікавы эпізод, які адбыўся на прэс-канферэнцыі пасля перамоў Лукашэнкі з Пуціным 13 сакавіка. Падчас старанна падрыхтаванага мерапрыемства ўзнікла няёмкая сітуацыя. Беларуская журналістка з дзяржаўнага тэлеканала задала пытанне, ці гатова Расея ўлічваць інтарэсы Беларусі падчас мірных перамоў.
Відавочна, гэта была хатняя нарыхтоўка. Пытанне вынікала з таго кантэксту, які быў зададзены ранейшымі заявамі Лукашэнкі. Так 17 кастрычніка 2024 года ён заявіў:
“Я заўсёды намагаў, і ўкраінцам гавару пра гэта, і расейцам, Пуціна папярэдзіў, што на перамовах аб Украіне павінны прысутнічаць беларусы. Чаму? Бо гэта нашая праблема. Я не хачу, каб там разглядаліся пытанні - нашы пытанні - без нас. <…> Могуць прыняць такія пастановы, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць”.
Як вядома, Лукашэнка з самага пачатку вайны прапануе правесці перамовы аб міры ў Беларусі, прэтэндуе на ролю пасярэдніка і ўдзельніка гэтага мірнага працэсу. У інтэрв'ю Наўфалу ён заклікаў Дональда Трампа, Пуціна і Уладзіміра Зяленскага прыехаць у Менск. Гэтыя ж матывы прагучалі і падчас размовы са Скабеевай.
Можна меркаваць, што згодна са сцэнаром, распрацаваным у Менску, Пуцін у гэтым сюжэце павінен быў пацвердзіць неабходнасць удзелу Беларусі ва ўсіх перамовах аб міры ва Украіне.
Аднак той сапсаваў дабратворную карціну, намаляваную ў Менску, не падыграў беларускай старане. Расейскі дыктатар шчыра сказаў, што не зразумеў пытання, хаця і заявіў, што, маўляў, Расея заўсёды ўлічвае інтарэсы свайго найбліжэйшага супольніка на міжнародных пляцоўках.
А Лукашэнка, робячы добрую міну пры дрэннай гульні, паспяшаўся сказаць: "Я на перамовы не рвуся". Тры гады імкнуўся арганізаваць перамовы ў Беларусі, а зараз раптам перадумаў.
І гэтая сітуацыя вельмі добра ілюструе тое месца, якое Расея адводзіць Беларусі. Месца і роля інструмента ў правядзенні сваёй вялікадзяржаўнай палітыкі.