У Паўночнай Македоніі падчас пажару ў начным клубе загінуў 51 чалавек
4- 16.03.2025, 13:06
- 5,472

Што стала прычынай?
У горадзе Качані ў Паўночнай Македоніі адбыўся пажар у начным клубе падчас дыскатэкі. Загінулі сама меней 50 чалавек, піша «Радыё Свабода Еўропа» са спасылкай на мясцовыя медыя.
Пажар пачаўся позна ўвечары 15 сакавіка. Узгаранне адбылося праз выкарыстанне піратэхнікі на сцэне падчас выступу гурта DNA. У той момант у клубе знаходзілася амаль 1500 чалавек.
A fire broke out in a nightclub in North Macedonia with over 1,000 people inside.
— wR (@WeReporter) March 16, 2025
According to initial reports, at least 50 people have lost their lives. pic.twitter.com/8DXmRL131c
Паводле звестак МУС, загінуў 51 чалавек, больш за сто, у тым ліку непаўналетнія, шпіталізаваныя. Для эвакуацыі пацярпелых прыцягнулі брыгады хуткай дапамогі з іншых гарадоў, а таксама верталёт, які дастаўляў людзей у шпіталі ў Скоп'і і Шпітэ. Многія ў выніку пажару атрымалі цяжкія апёкі твару, шыі і рук, а таксама атручэнні дымам.
- Мы цесна супрацоўнічаем з пракуратурай і ўсімі іншымі органамі, мы працуем крок за крокам, каб цалкам раскрыць гэтую трагедыю, - сказаў міністр унутраных спраў Паўночнай Македоніі Панчэ Ташкоўскі. Ён дадаў, што «ўсе павінны несці маральную адказнасць» за тое, што здарылася, а вінаватыя, уключаючы арганізатараў, паўстануць перад судом.
З раніцы пасля здарэння ў клубе сабралася вялікая колькасць сваякоў і сяброў людзей, якія былі на канцэрце. Мясцовыя жыхары адчайна шукалі сваіх блізкіх. «Чырвоны Крыж» на месцы складае спісы для ўстанаўлення асобаў загінулых.
У заяве пракуратуры Паўночнай Македоніі гаворыцца, што на месцы працуюць «усе кампетэнтныя службы». Распачатае расследаванне.