15 сакавiка 2025, Субота, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уладкавацца на працу нават дворнікам – гэта сапраўдны квэст»

46
«Уладкавацца на працу нават дворнікам – гэта сапраўдны квэст»

Працэс доўжыцца месяцы.

Беларуска напісала ў сацсетцы, што не можа ўладкавацца на працу ўжо месяц: працэс задоўжыўся праз чаканне характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы. Паводле ейных словаў, цяпер характарыстыку патрабуюць нават на пасаду дворніка, піша CityDog.io.

Дзяўчына мяркуе, што працэс афармлення на працу павінен займаць менш за тыдзень, і задаецца пытаннем: з якога часу ўладкавацца на простую працу ў Беларусі стала такім квэстам?

Пры гэтым яна спадзяецца, што з першага месца працы, якое было паводле размеркавання, дашлюць нармальную характарыстыку: «Там ніякіх глупстваў не было, але мэнэджар (яна ўжо на пенсіі) мной засталася незадаволеная, таму што я працавала “толькі ў рамках сваіх службовых абавязкаў”».

Дзяўчына таксама адзначыла, што не разглядала б вакансіі ў дзяржарганізацыях, калі б загадзя ведала пра гэтае патрабаванне і калі б аддзел кадраў не скіраваў яе ў цэнтр занятасці, дзе беларуску «аформілі як беспрацоўную».

Дэкрэт Лукашэнкі №6, які пачаў дзеянне 21 кастрычніка 2021 года, патрабуе падачы характарыстыкі пры прыёме на працу ў дзяржорганы, дзяржарганізацыі, а таксама прадпрыемствы, дзе больш за 50% акцый або частак знаходзяцца ў дзяржуласнасці. Прыватныя арганізацыі таксама могуць запытваць характарыстыкі, але гэта іх права, а не абавязак, пісалі ў Камітэце працы, занятасці і сацабароны Менгарвыканкама.

Так, працадаўцы абавязаныя атрымаць характарыстыку на новага супрацоўніка з дзяржарганізацыі, дзе ён працаваў цягам апошніх 5 гадоў. Калі за гэты перыяд было некалькі такіх месцаў працы, характарыстыку выдае апошняя арганізацыя. Дакумент павінен быць пададзены цягам тыдня.

Характарыстыка павінна змяшчаць звесткі аб прафесійных, справавых і маральных якасцях працаўніка, ягонай дысцыплінарнай адказнасці, стаўленні да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу, а таксама магчымых «антыдзяржаўных праявах» на працоўным месцы. Калі ў дакуменце пазначана, што інфармацыі няма ці яна невядомая, гэта ўважаецца за парушэнне вызначанай формы.

Важна: прыём на працу без характарыстыкі ў тых выпадках, калі яна абавязковая, забаронены і ўважаецца за парушэнне парадку працаўладкавання.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках