Пра Міколу Статкевіча няма вестак ужо два гады
17- 9.02.2025, 21:25
- 16,140

Што адбываецца з лідарам беларускай апазіцыі?
Сёння спаўняецца два гады з таго часу, як няма ніякіх вестак пра лідара беларускай апазіцыі, палітвязня Міколу Статкевіча.
Палітвязень быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Мікола Статкевіч утрымліваецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікола Статкевіч двойчы перахварэў на COVID-19.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў аспрэчыць атрыманую ад некалькіх крыніцаў інфармацыю пра магчымую смерць у турме Міколы Статкевіча.

«Пакажыце Міколу Статкевіча, калі ён жывы, ягонаму самаму блізкаму і роднаму чалавеку – Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хоць бы відэазванок!
У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», – заявіла Наталля Радзіна.
Да кампаніі «Пакажыце людзям Статкевіча!» далучыўся шэраг еўрапейскіх палітыкаў.
Нагадаем, што дэпутат Еўрапейскага парламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус высунуў лідара беларускай апазіцыі Міколу Статкевіча на Нобелеўскую прэмію міру.
.
«Мікалай Статкевіч – даўні лідар беларускіх дэмакратычных сілаў (кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе), які прадаўжае змагацца за свабодную і дэмакратычную Беларусь, нягледзячы на асабістую рызыку і небяспечнае для жыцця турэмнае зняволенне. Мікола з'яўляецца сімвалам палітычнага супраціву Лукашэнку і натхняльнікам барацьбы за дэмакратычную будучыню Беларусі.
Мы павінны змагацца за жыцці палітвязняў, вылучэнне кандыдатуры Міколы Статкевіча на Нобелеўскую прэмію – гэта адзін са спосабаў падкрэсліць ягонае становішча і сітуацыю ў Беларусі ў цэлым», – расказаў сайту Charter97.org літоўскі палітык.