У Гомелі пенсіянерка аддала махлярам амаль 100 тысяч рублёў за «выратаванне» унучкі
16- 7.02.2025, 10:27
- 6,194

Кур'еры надумалі пакінуць грошы сабе.
У міліцыю звярнулася 87-гадовая жыхарка Гомеля, якая стала ахвярай махляроў. Жанчына паверыла, што ейная ўнучка нібыта стала вінаватай у ДТЗ, і перадала кур'ерам амаль 100 тысяч рублёў, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці для сваячкі, паведамляе прэс-служба МУС.
Міліцыянеры аператыўна ўстанавілі асобы падазроных. Па гарачых слядах пры падтрымцы супрацоўнікаў ДАІ былі затрыманыя двое гомельцаў 19 і 20 гадоў. Маладыя людзі прызналіся, што знайшлі прапанову аб крымінальным заробку ў інтэрнэце і паспелі наведаць толькі адзін адрас.
Атрыманыя грошы яны надумалі пакінуць сабе і перасталі выходзіць на сувязь з куратарам. Грошы марнавалі на гаджэты, алкаголь і таксі са шчодрым гасцінцам. Большую частку выкрадзенай сумы ўдалося канфіскаваць, грошы будуць вернутыя пацярпелай.
Следчыя распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Затрыманым пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.