Спецпасланнік Трампа заявіў аб планах скончыць вайну за 180 дзён
37- 15.02.2025, 18:31
- 6,150

Раней Келаг казаў пра 100 дзён.
У ЗША назвалі новы тэрмін заканчэння вайны ва Украіне. Спецпасланнік прэзідэнта Дональда Трампа Кіт Келаг, які раней казаў, што абраны кіраўнік Белага дома можа спыніць вайну да канца 2024 года, а пасля яго інаўгурацыі заяўляў пра сто дзён, зараз паведаміў, што яму трэба паўгода для забеспячэння мірнага ўрэгулявання, паведамляе unian.net.
«Я публічна бяру 180 дзён, каб задзейнічаць усе стораны», – заявіў Келаг у суботу на палях Мюнхенскай канферэнцыі. Паводле ягоных слоў, вайна ва Украіне закончыцца ўжо сёлета. Пры гэтым Келаг падкрэсліў, што ЗША выступяць у якасці пасярэдніка паміж ваеннымі старанамі, а Еўропа не будзе ўдзельнічаць у перамовах. «Я тут, каб сабраць важную інфармацыю. Я дыпламат. За сталом будуць украінцы і расейцы - і амерыканцы як пасярэднікі», - адзначыў ён.
Вашынгтон працягне фінансавую падтрымку Кіева, але зараз неабходна неадкладна спыніць забойствы, дадаў Келаг.