У Расеі закрылі сем аэрапортаў праз атаку ўкраінскіх беспілотнікаў
13- 15.02.2025, 17:45
- 11,652

У Валгаградзе дрон ударыў па размяшчэнні расейскіх вайскоўцаў.
У ноч на 15 лютага тэрыторыю Расеі атакавалі сама меней 40 украінскіх беспілотнікаў, паведамілі ў Мінабароны. У Валгаградзе дрон упаў недалёка ад месца пражывання расейскіх вайскоўцаў, піша Astra. Пацярпеў адзін чалавек.
Паводле звестак канала, украінскі дрон ударыўся ў шматпавярховы дом на вуліцы генерала Шумілава, 77 у Валгаградзе. Гэты дом знаходзіцца насупраць дома № 30, у якім 11 кватэраў, паводле спецыяльнага рэестру, вылучана для вайскоўцаў УС РФ. На гэтай самай вуліцы, удакладняе Astra, размяшчаецца мясцовы ваенкамат. Губернатар Валгаградскай вобласці Андрэй Бачароў пацвердзіў траплянне «аскепкаў» на дах шматпавярхоўкі. Пра пацярпелых ён не паведаміў. Кіраўнік рэгіёну таксама адзначыў, што мэтай «масаванай атакі» БПЛА быў прамысловы аб'ект, на якім у выніку ўспыхнуў пажар.
Мясцовыя жыхары расказалі Shot пра больш як 15 выбухаў над горадам, якія прадаўжаліся амаль гадзіну. Паводле інфармацыі канала, дроны зноў спрабавалі атакаваць НПЗ у Чырвонаармейскім раёне Валгаграда. Абласная адміністрацыя дала справаздачу пра знішчэнне над рэгіёнам 17 беспілотнікаў.
Таксама пра «прылёты» даклаў кіраўнік Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша. Паводле ягоных звестак, абломкі беспілотніка, якія ўпалі, выклікалі пажар на тэрыторыі прамзоны ў Дзяржынскім раёне. Там таксама размяшчаецца НПЗ. Акрамя таго, у Растове-на-Доне «аскепкі» дрона трапілі ў прыватны дом, дзе ў момант атакі нікога не было, паведаміў «РІА Новости» губернатар вобласці Юрый Слюсар.
У Мінабароны РФ раніцай зрабілі справаздачу, што сродкамі СПА былі знішчаныя 40 украінскіх беспілотнікаў над чатырма расейскімі рэгіёнамі. 17 дронаў збілі ў Валгаградскай вобласці, 12 – у Калужскай, 9 – у Растоўскай, 2 – у Саратаўскай. Таксама пра начныя выбухі расказвалі жыхары Тульскай вобласці, але ў зводцы ўстановы гэта не адбілася.
У тэлеграм-канале Расавіяцыі адзначылі, што на фоне нападаў былі зачыненыя аэрапорты ў сямі расейскіх гарадах: Астрахані, Уладзікаўказе, Валгаградзе, Грозным, Калузе, Саратаве і Ульянаўску.