20 траўня 2025, aўторак, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса»

10
«Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса»

Як беларусаў затрымліваюць на мяжы.

За першыя паўтара месяца 2025 года пасля вяртання ў Беларусь былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. З аднаго рэйсавага аўтобуса з Літвы ці Польшчы могуць зняць адразу некалькі пасажыраў. Прычынай могуць стаць «экстрэмісцкія» рэпосты і падпіскі ў сацыяльных сетках, фота з пратэстаў у хмарным сховішчы, данаты, а таксама гісторыя пошуку ў Google. Таксама пад дадатковыя праверкі на мяжы трапляюць людзі, якія раней затрымліваліся на акцыях пратэсту і патрапілі ў базу «БЕСпарадкі», і тыя, хто даўно не жыве ў Беларусі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

У пачатку лютага стала вядома, што з аднаго рэйсавага аўтобуса затрымалі адразу шэсць чалавек. Усіх затрыманых да суда змясцілі ў ІЧУ ў найбліжэйшым ад пункта пропуску горадзе, пасля чаго некаторым прызначылі «суткі». Звычайна людзей, якіх затрымалі ў пункце пропуску, судзяць за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Выключэннем могуць стаць тыя, каго затрымлівае КДБ. У такім выпадку, калі допыт адбываецца ў Менску, на іх складаюць пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП) альбо адразу змяшчаюць у СІЗА ў межах крымінальнай справы.

«Вясне» вядомыя выпадкі, калі чалавек шмат разоў перасякаў мяжу цягам апошніх некалькі гадоў і ніколі не сутыкаўся з дадатковымі праверкамі, падчас знаходжання ў Беларусі не затрымліваўся, але ў выніку пры чарговай спробе ўехаць у Беларусь адразу пасля пашпартнага кантролю быў затрыманы. Таму варта адзначыць, што сітуацыя мяняецца ўвесь час і няма ніякіх гарантый, што чалавек, які раней уязджаў і выязджаў без праблемаў, не трапіць у поле зроку сілавікоў праз нейкія новыя факты ягонай пратэставай актыўнасці ў мінулым.

Затрыманне пасля вяртання ў Беларусь неабавязкова адбываецца адразу на мяжы. Па некаторых сілавікі прыходзяць праз некалькі дзён, альбо тэлефануюць і просяць прыйсці самастойна на гутарку.

Апроч усяго, на мяжы прадаўжаюцца допыты ўкраінцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Размовы займаюць ад некалькіх хвілінаў да некалькіх гадзінаў.

Акрамя гэтага, у «Вясне» нагадалі, што сілавікі адсочваюць удзельнікаў беларускіх акцый салідарнасці, якія адбываюцца за мяжой. Так, Генпракуратура ў канцы студзеня паведаміла, што «ідэнтыфікавала 365 удзельнікаў акцый за мяжой». Усіх іх збіраюцца змусіць да крымінальнай адказнасці ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Большасць з ідэнтыфікаваных з Варшавы (203 чалавекі). Таксама ўстанова згадала, што ва ўдзельнікаў акцый будуць шукаць маёмасць на тэрыторыі Беларусі, «у тым ліку зарэгістраваную на іншых асобаў». Вядома, што ў мінулыя гады сілавікі ўжо змушалі да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў замежных дэманстрацый.

Як праходзіць затрыманне на мяжы?

Былая арыштантка Акрэсціна патрапіла пад пераслед пасля вяртання з-за мяжы з краіны Еўразвязу ў канцы 2024 года. Пасля пашпартнага кантролю ў адным з беларускіх прапускных пунктаў яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Паводле ейных словаў, затрыманні пасля вяртання ў Беларусь – не адзінкавыя.

«Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса. Затрымліваў КДБ – такіх гісторый таксама шмат. У першай камеры ІЧУ нас такіх было трое. Насамрэч усё было “лайт”, ніхто не збівае, не заломвае рукі. Проста гэта доўга адбывалася. Калі праходзіш памежны кантроль, то яны, відаць, прабіваюць па нейкіх базах, бо было ўсё зразумела з выразу твару мытніцы. Яна так усміхнулася, што я адразу зразумела, што ўсё дрэнна. Раней мяне не было ў ніякіх спісах, бо я не тое каб спакойна, але заязджала і ніколі не было ніякіх праверак.

Яны пытаюцца, што рабілі за мяжой, куды ездзілі, з кім размаўлялі. Яны правяраюць перапіскі. У адной дзяўчыны знайшлі фразу: «Давай сустрэнемся, я перадам табе грошы». Проста яе сяброўка праз яе перадала грошы маці. І яны прычапіліся да яе, маўляў, якія грошы. Гэта значыць «фінансаванне з-за мяжы», для іх – чырвоная ануча. І за любую згадку кантактаў, грошай, перадачаў яны пачынаюць крычаць: «Ты сядзеш на 25 гадоў».

«Вясна» паразмаўляла з чатырма беларусамі, асуджанымі паводле адміністрацыйных справаў у канцы 2024-га – пачатку 2025-га, і распытала ў іх пра ўмовы ўтрымання для «палітычных» у розных гарадах Беларусі.

Праваабаронцы нагадваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца штодня цягам ужо трох з паловай гадоў.

«Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і дагэтуль: бралі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваровым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі нешта, то рызыкі пераследу пры вяртанні ў Беларусь вельмі высокія. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку, а таксама не забывайцеся пра тых родных і знаёмых, чые паведамленні ці фота з пратэстаў могуць знайсці ў вашым тэлефоне», – адзначылі ў «Вясне».

Беручы гэта да ўвагі, праваабаронцы найперш рэкамендуюць быць пільнымі: узважваць індывідуальныя рызыкі пры пастанове вяртацца ў Беларусь, карыстацца правіламі бяспекі. Калі рызыкі вяртання высокія, лепш не вяртацца ў краіну ўвогуле. Калі нешта здараецца, варта папярэдзіць сяброў, сваякоў, каб яны маглі перадаць інфармацыю незалежным СМІ ці праваабаронцам, а таксама скарыстацца іх юрыдычнымі парадамі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках