Калас пра прамову Вэнса: Ствараецца ўражанне, што ЗША спрабуюць пасварыцца з Еўропай.
10- 15.02.2025, 10:34
- 10,930

Кіраўніца дыпламатыі ЕЗ адрэагавала на прамову віцэ-прэзідэнта ЗША ў Мюнхене.
Кіраўніца дыпламатыі Еўрапейскага Звязу Кая Калас адрэагавала на прамову віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы ў пятніцу, 14 лютага. Паводле словаў топ-дыпламаткі, склалася ўражанне, што ЗША «спрабуюць пасварыцца» з Еўропай.
Пра гэта яна сказала журналістам, піша The Guardian.
«Слухаючы гэтую прамову, яны спрабуюць сварыцца з намі, а мы не хочам сварыцца з нашымі сябрамі», – заявіла Калас.
Кіраўніца дыпламатыі ЕЗ дадала, што хаўруснікам варта засяродзіцца на «большых пагрозах» – такіх, як агрэсія Расеі супраць Украіны.
Нагадаем, што ў сваёй прамове на Мюнхенскай канферэнцыі Вэнс засяродзіўся на крытыцы еўрапейскіх партнёраў.
Сярод іншага Вэнс заявіў, што найбольшую занепакоенасць адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа датычна сітуацыі з бяспекай у Еўропе выклікаюць не знешнія ворагі, а сітуацыя з дэмакратыяй у ЕЗ. Еўропа павінна актывізавацца, каб забяспечыць сваю абарону.