21 траўня 2025, Серада, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ён быў яшчэ той зух»

6
«Ён быў яшчэ той зух»
Аляксандр Новік
Калаж: «Радыё Свабода»

Гісторыя загінулага на вайне ва Украіне беларускага снайпера.

З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне загінулі не менш як 70 беларусаў. Сярод іх 22-гадовы Аляксандр Новік, які быў снайперам-штурмавіком. Ён далучыўся да Трэцяй асобнай штурмавой брыгады ў канцы кастрычніка 2024 года, а загінуў у баях 20 студзеня 2025-га. Ягоную гісторыю распавядае «Радыё Свабода».

Аляксандр Новік меў пазыўны па-ўкраінску — Розпад, выбіраў яго сам, маючы на ўвазе распад Расеі як дзяржавы, быў снайперам-штурмавіком Трэцяга асобнага штурмавога батальёна. Ён загінуў пры выкананні баявога задання ў раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці. Аляксандра пахавалі ў Броварах 28 студзеня, на Алеі Славы. У Броварах жывуць ягоныя сваякі.

Аляксандр Новік. Калаж: «Радыё Свабода»

Валанцёрка Таццяна Астроўская добра ведала Аляксандра. У размове з «Радыё Свабода» яна адзначыла, што на тым кірунку загінула шмат украінскіх вайскоўцаў. Вядома, што Аляксандр трапіў пад расейскі абстрэл і атрымаў цяжкае раненне.

Хлопец выехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года, спачатку жыў і працаваў у Літве.

- Саша заўсёды быў у тэме вайны. Ён збіраў данаты на дроны, дапамагаў украінцам, сам шмат трэніраваўся, умацоўваўся. Купіў сімулятар, каб удасканаліць праграму кіравання дронамі, - распавядае Таццяна.

Паводле ейных слоў, Аляксандр зарабляў на будаўніцтве, таксама быў мадэратарам у вядомага блогера Убермаргінала, практыкаваўся ў камп'ютарнай графіцы. Займаўся дзюдо і самба, меў матэматычны склад розуму, падчас вучобы перамагаў у матэматычных алімпіядах. Нават на фронце меў пры сабе зборнік задач у алгебры, каб "мазгі працавалі". Цяпер гэты зборнік перадалі, як і іншыя рэчы добраахвотніка, у Музей свабоднай Беларусі ў Львове.

Аляксандр абраў для сябе Трэцюю асобную штурмавую брыгаду. Гэта ўкраінскае добраахвотніцкае падраздзяленне, сфармаванае на базе "Азова", якое ўзначальвае першы камандзір палка "Азоў" Андрэй Білецкі.

- Аляксандр быў унікальным, шматгранным чалавекам. Ён усё рабіў ціха, спакойна, самастойна. Сам звязаўся з Трэцяй штурмавой, яны дапамаглі яму з дакументамі. Ён там прайшоў верыфікацыю, навучаўся і потым адправіўся на баявыя заданні, - распавядае Таццяна.

Аляксандр Новік. Фота з асабістага архіва

- Пісалі, што ён загінуў на першым заданні, але гэта няпраўда. Гэта было, груба кажучы, другое ці трэцяе заданне. Калі ідзе такі абстрэл, там не ўхілішся, не схаваешся ад яго, - тлумачыць валанцёрка.

Яна дадае, што Аляксандр Новік быў шчырым чалавекам, з моцным пачуццём справядлівасці. У тым ліку і таму ён пайшоў ваяваць, бо фронт быў тым месцам, дзе ён рэальна мог нешта зрабіць.

Таццяна заўважыла, што пасля некалькіх месяцаў у навучальнай частцы і на фронце Аляксандр схуднеў на некалькі кілаграмаў.

- Ён быў зух яшчэ той. Ніколі не выступаў з гучнымі словамі, не крычаў: "Вось я паеду ваяваць!" - ціха прыняў пастанову і паехаў. Пасля яго гібелі я не магу глядзець на мужчын, якія кажуць: "А што я магу зрабіць?" Саша быў упэўнены, што сёння трэба дзейнічаць, сёння абараняць Украіну, каб у нас заўтра была будучыня, - кажа Таццяна.

Яна ўдзельнічала ў арганізацыі пахавання беларуса. Расказвае, што ў чыноўнікаў пры афармленні дакументаў была неадназначная рэакцыя.

- З аднаго боку - загінуў герой з Трэцяй штурмавой. З іншага - яны дзівіліся беларускаму пашпарту. Таму што афіцыйна Беларусь - краіна-суагрэсар. Але яны вельмі добра ставіліся да нас, - дадае Таццяна.

Аляксандр Новік стаў першым беларусам, пахаваным на Алеі Славы ў Броварах. Там упершыню над магілай быў узняты бел-чырвона-белы сцяг - сярод украінскіх і грузінскіх.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках