У Азербайджане пачалося паляванне на прарасейскіх палітыкаў
12- 11.02.2025, 17:08
- 12,762

Баку ідзе на канфлікт з Масквой.
Шэраг СМІ Азербайджана апублікаваў навіну аб «выкрыцці групы, якая прадстаўляла інтарэсы Масквы».
На чале гэтай структуры, як пішуць мясцовыя СМІ, стаяў былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Раміз Мяхціеў, вядомы як «шэры кардынал».
У групу таксама ўваходзілі экс-міністры Абульфас Гараеў, Азад Рагімаў і Эльмар Мамед'яраў.
Акрамя таго, на сустрэчах гэтай групы час ад часу прысутнічаў былы міністр нацыянальнай бяспекі Эльдар Махмудаў.
Нагадаем, Баку 3 лютага 2025 г. накіраваў Маскве ноту аб спыненні дзейнасці «Рускага дома». Пра гэта паведаміла МЗС краіны.
У ведамстве сцвярджаюць, што «Рускі дом» – прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» ў Азербайджане – не зарэгістраваны як юрыдычная асоба, а арганізацыя «сур'ёзна парушыла заканадаўства» краіны.
Пазней Крэмль пацвердзіў закрыццё «Рускага дома» ў Баку.
Стасункі паміж Масквой і Баку сталі напружанымі пасля катастрофы самалёта азербайджанскай авіякампаніі AZAL, які ляцеў у Грозны. У канцы снежня Ільхам Аліеў абвінаваціў Расею ў катастрофе і паўтарыў свае сцвярджэнні ў пачатку студзеня: «Магу з упэўненасцю сказаць, што віна за тое, што азербайджанскія грамадзяне загінулі ў гэтай катастрофе, ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі. І мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакарання вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і чалавечых паводзін».