22 траўня 2025, Чацвер, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Партманэт» Лукашэнкі прывозіць у Беларусь забароненае піва з Еўропы

8
«Партманэт» Лукашэнкі прывозіць у Беларусь забароненае піва з Еўропы

Контрсанкцыі, уведзеныя рэжымам, Цяцерыну не перашкода.

У 2024 і 2025 гадах звязаная з Сяргеем Цяцерыным "Лагістычная кампанія Усход" завезла больш за 310 тысяч бутэлек піва з Літвы, Чэхіі і Эстоніі пад брэндамі: Livu, Karlova Krcma, Karl Friedrich і Budweiser, піша «Бюро».

Пры гэтым піва з Латвіі, Літвы, Чэхіі, Польшчы і Эстоніі забаронена ўвозіць у Беларусь згодна з так званымі контрсанкцыямі, якія ўвялі ўлады Беларусі. Але, як бачым, для набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца гэта не стала перашкодай.

Ужо не першы раз Цяцерын пастаўляе ў Беларусь забароненую "контрсанкцыямі" прадукцыю. Раней “Бюро” расказвала пра розныя прысмакі і закускі, якія кампанія, звязаная з Цяцерыным, возіць у Беларусь. Сярод іх чыпсы Pringles, жэлацінкі Haribo, шакалад Lindt і Ritter Sport і многае іншае. Але апетыты бізнэсоўца растуць, і адны прысмакі іх ужо не задавальняюць.

Для паставак санкцыйнай прадукцыі бізнэсовец выкарыстоўвае "Лагістычную кампанію Усход". Кампанія запісана на Аляксея Мацвеева - супрацоўніка цецярынскай кампаніі "БелГлобалСтарт". Сам Сяргей Цяцерын з 2021 года знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ як “партманэт” Лукашэнкі.

Даход "Лагістычнай кампаніі Усход" у 2023 годзе склаў 158 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак - 8 мільёнаў рублёў.

Забарона на "ўвоз і рэалізацыю асобных відаў тавараў і паслуг з непрыязных краін" была ўведзеная ў снежні 2021 года і штогод пашыралася і прадаўжалася. Апошні раз яе прадоўжылі 30 снежня 2024 года. Асобна ў дакуменце адзначаны тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі - "асабліва непрыязных краін".

Іранічна, што ўжо 14 студзеня "Лагістычная кампанія Усход" атрымала дэкларацыі адпаведнасці на тры партыі піва з Літвы агульным аб'ёмам 115 тысяч бутэлек.

Атрымліваецца, што Сяргей Цяцерын дзякуючы “контрсанкцыям” заняў нішы, якія вызваліліся ад канкурэнтаў, скарыстаўшыся для гэтага набліжанасцю да Лукашэнкі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках