Расея пачала блакаваць банкаўскія карткі ўдзельнікам вайны ва Украіне
18- 11.02.2025, 13:06
- 25,186

Каб не пералічвалі грошы родным.
Расейскія банкі пачалі блакаваць грашовыя пераводы і рахункі ўдзельнікаў вайны супраць Украіны, паведамілі ura.ru вайскоўцы, якія знаходзяцца на фронце.
«У нас з хлопцамі зараз праблемы з доступам у дадатку банкаў. У мяне заблакавалі пераводы адразу ў двух. Пішуць, што падазроныя дзеянні. Мабыць, з-за таго, што фізічна знаходжуся на тэрыторыі Украіны», - расказаў адзін з вайскоўцаў.
Паводле ягоных слоў, разблакаваць рахунак праз тэлефон не атрымліваецца, паколькі банкі патрабуюць асабіста прыйсці ў найбліжэйшае аддзяленне. Развязаць праблему не змог нават юрыст, у якога была генеральная даверанасць - у філіялах крэдытных арганізацый дакумент адмовіліся прымаць. «Шчыра, ужо стаміліся ад гэтага. Дадому грошы адправіць не магу», - адзначыў вайсковец. Ён не ўдакладніў, пра якія менавіта фінансавыя арганізацыі ідзе размова, але падкрэсліў, што з такой праблемай сутыкнуліся многія на перадавой. У банках пакуль сітуацыю не каментавалі.
Да гэтага адна з крэдытных арганізацый зняла ва ўдзельніка вайны з Турынска Свярдлоўскай вобласці ўсе грошы з карткі заробку за нявыплачаныя крэдыты. Пры гэтым у лістападзе мінулага года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які абавязвае банкі спісваць расейцам пазыкі да 10 млн руб., калі яны былі мабілізаваныя, забраныя на фронт або падпісалі кантракт з Мінабароны РФ. Пасля звароту ў банк вайскоўцу прапанавалі самастойна прыехаць у аддзяленне. Справай заняліся ў Дзярждуме і папрасілі старшыню Цэнтрабанка Эльвіру Набіуліну праверыць законнасць дзеянняў банка. Дэпутат Максім Іваноў сцвярджаў, што частку спісанай сумы ўдалося вярнуць на карту вайскоўца.
Раней удзельнікам вайны сталі тэлефанаваць ашуканцы. Яны прадстаўляліся чальцамі камандавання вайсковай часткі і паведамлялі, што вайскоўцам належаць дадатковыя выплаты. Аднак ёсць цяжкасці з пераводам грошай. Для атрымання выплат ім прапаноўвалі перавесці сродкі з банкаўскіх карт, якія могуць быць заблакаваныя, на «бяспечны рахунак». Пасля правядзення аперацыі ашуканцы спынялі званок і знікалі.