ЗША запатрабуюць ад ЕЗ аплачваць пастаўкі амерыканскай зброі ва Украіну
18- 11.02.2025, 11:48
- 3,736

Спецпасланнік Кіт Келаг абмяркуе гэтае пытанне на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа мае намер дамагчыся ад саюзнікаў у Еўропе, каб яны пачалі закупляць амерыканскую зброю для Украіны, паведамілі Reuters дзве дасведчаныя крыніцы.
З іх слоў, спецпасланнік аб Украіне Кіт Келаг абмяркуе гэтае пытанне з еўрапейскімі краінамі на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, якая пройдзе з 14 да 16 лютага. Суразмоўцы агенцтва ўдакладнілі, што гэта адна з ідэй адміністрацыі Трамп, якая шукае варыянты, як працягваць забяспечваць Украіну, але не несці пры гэтым вялікія выдаткі.
Сам Келаг адмовіўся пацвердзіць або зняпраўдзіць наяўнасць такога плана. «ЗША заўсёды хочуць прадаваць зброю, вырабленую ў Амерыцы, бо гэта ўмацоўвае [амерыканскую] эканоміку. <…> Ёсць шмат варыянтаў. Зараз разглядаюць усе», - сказаў спецпасланнік Трампа. Ён дадаў, што Украіна на гэты момант працягвае атрымліваць узбраенні, пастаўкі якіх былі ўхваленыя за прэзідэнтам Джо Байдэнам. "У бліжэйшыя 24 гадзіны не абавязкова трэба будзе нешта мяняць", — сказаў на заканчэнне Келаг.
Раней Трамп заявіў, што ЗША далі Украіне ўзбраенняў на $200 млрд. Ён адзначаў, што мае намер запатрабаваў кампенсаваць гэтыя выдаткі ад Еўразвязу. Таксама, паводле ягоных слоў, Вашынгтон можа ўкласці ўгоду з Кіевам, паводле якой Украіна будзе атрымліваць амерыканскую дапамогу ў абмен на рэдказямельныя металы. "Я сказаў ім, што хачу эквівалента $500 млрд рэдказямельных металаў, і яны, фактычна, пагадзіліся зрабіць гэта", – сказаў Трамп.
Пасля інаўгурацыі Трамп 20 студзеня ваенная дапамога Украіне з боку ЗША прыпынялася і аднавілася толькі ў першых чыслах лютага, паведамлялі раней крыніцы Reuters. З іх слоў, у адміністрацыі прэзідэнта адмовіліся ад першапачатковай ідэі спыніць усяляку падтрымку Украіны. Аднак сярод супрацоўнікаў Белага дома застаюцца супярэчнасці наконт таго, у якіх аб'ёмах трэба надаваць вайсковую дапамогу з амерыканскіх запасаў.
Са звестак Дзярждэпа, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі і да 2025 года ЗША далі вайсковую дапамогу Кіеву на $66 млрд, а з 2014-га - амаль на $70 млрд. Зяленскі ацэньваў суму, на якую Украіна атрымала зброю, прыкладна на $76 млрд.