Трамп паставіў ультыматум ХАМАС
- 11.02.2025, 11:29
- 11,012

ФОТА: GETTY IMAGES
Прэзідэнт ЗША паабяцаў “сапраўднае пекла” для тэрарыстаў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у аўторак, 11 лютага, запатрабаваў ад радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС вызваліць усіх ізраільскіх закладнікаў да поўдня 15 лютага. Калі да 12.00 гэтага дня ўсе закладнікі не будуць вернутыя, “я думаю, што прыйшоў час скасаваць (пагадненне аб замірэнні — Заўв. рэд.), і няхай выліецца пекла”, заявіў Трамп.
За дзень да гэтага прадстаўнікі ХАМАС абвясцілі, што маюць намер адкласці запланаваную на 15 лютага перадачу закладнікаў Ізраілю праз невыкананне апошнімі умоў замірэння. У спісе меркаваных парушэнняў Ізраіля значацца перашкоды вяртанню палестынцаў на поўнач сектара Газа, блакаванне ўвозу намётаў, паліва, медыкаментаў і абсталявання для разбору завалаў, перадае “Нямецкая хваля”.
Міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац назваў пастанову ХАМАС “поўным парушэннем” пагаднення аб спыненні агню і прывёў сілы ЦАХАЛ у раёне сектара Газа ў поўную баявую гатоўнасць.
Прапанова Трампа аб кантролі над сектарам Газа
Прымаючы ў Белым доме прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, прэзідэнт ЗША заявіў, што Вашынгтон возьме пад кантроль сектар Газа і будзе “несці адказнасць за дэмантаж усіх небяспечных бомбаў і іншай зброі, якія не разарваліся”, ператварыўшы прыбярэжную паласу ў “Рыўеру Блізкага Усходу”. “Мы будзем яе развіваць, створым тысячы працоўных месцаў. Гэта будзе тое, чым увесь Блізкі Усход зможа ганарыцца”, - паабяцаў Трамп. Палестынцаў, якія пражываюць на тэрыторыі сектара Газа, ён прапанаваў рассяліць.
Нетаньяху ўхваліў ініцыятыву Трампа, назваўшы яе “рэвалюцыйнай”. У сваю чаргу самі палестынцы, шэраг арабскіх краін і заходнія партнёры ЗША раскрытыкавалі рэспубліканца, абвінаваціўшы яго ў парушэнні міжнароднага права.
Нягледзячы на крытыку, 10 лютага Дональд Трамп пацвердзіў свой намер купіць сектар Газа.
“Што да яго аднаўлення, мы можам аддаць яго іншым дзяржавам на Блізкім Усходзе, каб яны забудавалі частку яго тэрыторыі; іншыя людзі змогуць зрабіць гэта пад нашай эгідай”, - заявіў Трамп.
Ён прыстрашыў “тэарэтычным” прыпыненнем дапамогі супольнікам ЗША - Ярданіі і Егіпту, калі тыя адмовяцца прыняць палестынцаў у рамках яго спрэчнага плана ў Газе.