Беларусы ўсё часцей адмаўляюцца ад айчыннага абутку і адзення
8- 8.12.2025, 20:43
- 3,136
«Беллегпрам» у паніцы.
Як вынікае з абгрунтавання праекта пастановы аб экалагічным зборы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі (Мінжылкамгас), беларусы сталі купляць значна менш адзення і абутку айчыннай вытворчасці.
Менавіта таму ведамства прапанавала ўвесці экалагічны збор на імпарт адзення сэканд-хэнд і абутку са штучных матэрыялаў. У дакуменце прама гаворыцца, што такая мера, на думку чыноўнікаў, нібыта магла б садзейнічаць вяртанню попыту на беларускія тавары.
У тэксце са спасылкай на канцэрн «Беллегпрам» адзначаецца, што частка айчынных вытворцаў імкліва скарачаецца, а беларусы з кожным годам усё часцей аддаюць перавагу больш таннаму імпартнаму сэканд-хэнду і абутку са штучных матэрыялаў.
Згодна з данымі канцэрна, амаль кожны трэці прадмет адзення ў краіне — гэта сэканд-хэнд. Яго частка ў агульным аб’ёме спажывання адзення ацэньваецца прыкладна ў 35%.
Пры гэтым штогадовы імпарт такіх тавараў складае 60–80 мільёнаў долараў. Па выніках 2024 года працягнуўся рост «чыстага» імпарту.
У той жа час продажы прадукцыі айчыннай лёгкай прамысловасці няўхільна падаюць. За перыяд з 2021 па першую палову 2025 года частка продажаў беларускай верхняй вопраткі і трыкатажу ў рознічным тавараабароце скарацілася прыкладна на 20–26%. Частка продажаў беларускай ніжняй бялізны ўпала з 63,2% да 39,5%.
Калі ж гаварыць пра абутак, то за апошнія 10 гадоў яго вытворчасць у Беларусі скарацілася больш чым удвая — з 14 мільёнаў пар у 2014 годзе да 7 мільёнаў у 2024-м. Частка айчыннага абутку на ўнутраным рынку абрынулася з 72,8% у 2010 годзе да ўсяго 18,1% па выніках першага паўгоддзя 2025 года. Статыстыка невясёлая.
У «Беллегпраме» асноўнай прычынай назвалі пераарыентацыю спажыўцоў на больш танную імпартную прадукцыю, галоўным чынам з краін Паўднёва-Усходняй Азіі і Блізкага Усходу. Канцэрн пры гэтым настойвае, што нізкая цана такога абутку часта суправаджаецца масавым невыкананнем патрабаванняў якасці і бяспекі.
Менавіта таму «Беллегпрам» прапанаваў абавязаць імпарцёраў адзення сэканд-хэнд і абутку са штучных матэрыялаў аплачваць збор на будучую ўтылізацыю.
Першапачаткова канцэрн прапаноўваў фактычна загараджальныя стаўкі — 10 і 15 тысяч рублёў за тону адпаведна. Пры такіх стаўках рознічная цана на адзенне сэканд-хэнд, паводле ацэнак, магла б вырасці прыкладна на 30%, а на танны імпартны абутак са штучных матэрыялаў — прыкладна на 50%.
Гэта вельмі грубая ацэнка, бо залежнасць паміж стаўкай збору і канчатковай цаной не абавязкова з’яўляецца строга лінейнай. Частку павелічэння выдаткаў імпарцёр мог бы кампенсаваць за кошт уласнай маржы.
Аднак Мінжылкамгас, баячыся скачка цэн, прапанаваў куды больш памяркоўныя, амаль сімвалічныя стаўкі — 720 рублёў за тону адзення сэканд-хэнд і 180 рублёў за тону абутку. Паводле разлікаў ведамства, гэта прывядзе да нязначнага росту рознічных цэн — у сярэднім на 2,1% і 0,6% адпаведна.
У любым выпадку праект пастановы Савета Міністраў пакуль знаходзіцца на стадыі грамадскага абмеркавання. Ці будзе ён прыняты і ў якім выглядзе, пакуль невядома.
Тым часам Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРТ) у лістападзе прадставіла даныя, што сведчаць пра паступовае павелічэнне часткі айчынных тавараў у гандлёвых сетках, якія падпісалі з ведамствам адпаведнае пагадненне.