Кубілюс: ЕС павінен рыхтаваць свой план міру ва Украіне
5- 7.12.2025, 19:12
- 1,528
Еўракамісар па абароне заклікаў перастаць чакаць сігналаў з ЗША.
Еўракамісар па абароне Андрюс Кубілюс лічыць, што Еўропе варта распрацаваць уласныя прапановы па спыненні расійска-ўкраінскай вайны, калі бягучыя перамовы, ініцыяваныя адміністрацыяй Трампа, ні да чаго не прывядуць, паведамляе Politico.
Кубілюс крытычна выказаўся наконт таго, што Еўропа не бярэ на сябе ініцыятыву і толькі рэагуе на спробы ЗША спыніць расійска-ўкраінскую вайну.
«Кожныя паўгода мы бачым новыя «планы», і ў пэўным сэнсе ў мяне адчуванне, што мы тут быццам чакаем планаў, якія прыйдуць з Вашынгтона ў гэтым годзе. Такія планы павінны паступаць таксама з Бруселя або з Берліна», — адзначыў еўракамісар.
На яго думку, Еўропе «надзвычай важна» распрацаваць уласны пакет прапаноў — для таго, каб гарантаваць сабе месца за сталом перамоў.
«Мы павінны мець магчымасць абмяркоўваць два планы: адзін еўрапейскі і адзін, магчыма, падрыхтаваны нашымі амерыканскімі сябрамі... каб знайсці сінергію паміж гэтымі двума планамі і дасягнуць найлепшага выніку», — сказаў Андрюс Кубілюс.
Таксама ён выказаў меркаванне, што Еўропе варта ў сваім планаванні ўлічваць сцэнар, калі арт. 5 НАТА «не спрацуе» тады, калі ўзнікне неабходнасць яго прымяніць.
Паводле звестак Politico, еўрапейскія лідары ўсё яшчэ спадзяюцца, што Трамп вернецца да свайго вываду пра тое, што віна за працяг вайны ва Украіне ляжыць менавіта на Расіі, аднак маральна рыхтуюцца і да «горшага» сцэнара, пры якім ЗША дыстанцуюцца і пакінуць Украіну без якой-небудзь дапамогі.