7 снежня 2025, Нядзеля, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Збіць спесь з магутнай маскоўскай арміі»

3
«Збіць спесь з магутнай маскоўскай арміі»
Януш Радзівіл

Чым вядомы вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл.

Януш Радзівіл (1612–1655), віленскі ваявода, гетман вялікі літоўскі, займае асаблівае месца сярод слаўнага роду Радзівілаў, піша сайт jivebelarus.net.

Бацькамі Януша былі знакаміты палкаводзец Хрыстафор Радзівіл (1585–1640), віленскі ваявода, гетман вялікі літоўскі, і Ганна з вядомага беларускага роду Кішак. У сям'і нарадзілася шасцёра дзяцей, але выжылі толькі двое — Януш і яго малодшая сястра Кацярына.

Усе продкі, пачынаючы ад Мікалая Рыжага, былі кальвіністамі, і Януш выхоўваўся ў веры сваіх бацькоў. Ранняе дзяцінства прайшло ў родавых маёнтках Біржы, Дубінкі, Кейданы, дзе хлопчык атрымаў пачатковую адукацыю. Калі сыну споўнілася трынаццаць гадоў, бацька адправіў яго вучыцца ў Слуцк у мясцовую гімназію, дзе юнак правучыўся тры гады. У шаснаццаць яго паслалі вучыцца за мяжу. Спачатку Януш паехаў у Варшаву, потым у Берлін, а ў Лейпцыгу паступіў ва ўніверсітэт. Адукацыю скончыў у Галандыі. Януш быў высокаадукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і свабодна імі карыстаўся.

У маладосці ён шмат падарожнічаў, наведаў Лондан, Брусель, Парыж, выканаў у Галандыі некалькі даручэнняў польскага караля і за гэта атрымаў чын падкаморага Вялікага Княства Літоўскага. Ведаючы патрэбы сваёй дзяржавы, малады патрыёт за ўласны кошт найняў каля тысячы пехаты і дзвесце драгун, некалькі пушкароў і вайсковых інжынераў і з гэтым войскам вярнуўся на радзіму. У кастрычніку 1633 года ён быў сярод тых, хто абараняў Смаленск, дзе ВКЛ атрымала перамогу. Пасля вайны Януш вярнуўся ў Вільню, адкуль яго хутка паклікалі ў Кракаў выконваць абавязкі падкаморага пры двары караля Уладзіслава IV.

Як і большасць Радзівілаў, якія былі патрыётамі Княства і скептычна ставіліся да Люблінскай уніі 1569 года, Януш не мог змірыцца з палітыкай Кароны, якая ўсё больш абмяжоўвала самастойнасць і незалежнасць ліцвінаў. Словы пра роўнасць і вольнасць Княства ўсё часцей заставаліся толькі словамі, а на справе парушаліся.

Польскі кароль, будучы хітрым палітыкам, не мог адкрыта парваць адносіны з Радзівіламі, некаранаванымі каралямі Літвы. Ён мусіў з імі лічыцца, але ў душы варожасць заставалася. А пакуль кароль не парываў сувязяў з Радзівіламі, Януша лічыў нават сваім сябрам, часта браў яго з сабой у розныя паездкі, на паляванне.

Сам паслядоўны кальвініст, Януш закахаўся ў каталічку Кацярыну Патоцкую і насуперак бацьку ажаніўся з ёй. Вяселле адбылося ў 1638 годзе. Адразу ж пачаліся непаразуменні і нават сваркі паміж бацькам і сынам. Яшчэ да заручынаў Хрыстафор даказваў, што «мой сын ніколі не возьме каталічку. Я адмовіў каралевічу Яну Казіміру, калі той сватаўся да маёй дачкі, не зважаў на слёзы жонкі і Кацярыны (дачкі). Не пойдзе сын насуперак бацьку, бо ён — мая родная кроў, мой аднадумец. Скажу больш. Уся мая надзея на яго. Упэўнены, што ён аддасць жыццё за свабоду роднага краю — Вялікага Княства Літоўскага».

Жонка рабіла ўсё, каб Януш Радзівіл прыняў яе веру. У тым жа накірунку дзейнічаў і кароль, і іншыя «сябры». Але Януш не змяніў веры сваіх бацькоў. Жонка дамаглася толькі таго, што былі звольненыя былыя бацькавы слугі — кальвіністы, а Кацярына Патоцкая набірала на іх месца толькі каталікоў.

У 1640 годзе бацька Януша памёр, пакінуўшы сыну багатую спадчыну, а ў 1642 годзе памерла і Кацярына Патоцкая. Януш вырашыў жаніцца другі раз, але ўзяць ужо не каталічку. Сваты паехалі да правіцеля Малдовы Васіля Лупула, каб той аддаў за Януша сваю дачку Марыю. Выбар ухваліў і польскі кароль, хоць яму не вельмі падабалася, што нявеста была праваслаўная. Але ў гэты час Рэч Паспалітая рыхтавалася да вайны з Портай (Турцыяй) і трэба было мець саюзніка на поўдні. Ім мог быць малдаўскі гаспадар. Лупул быў не супраць пародніцца з Радзівіламі і з радасцю аддаў старэйшую дачку ў Літву.

Жаніцьба з Марыяй Лупул зблізіла Януша з праваслаўем, якое было распаўсюджана ў Княстве. У 1646 годзе Радзівіл атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага. Пасля гэтага ён выехаў з тайнай місіяй да свайго цесця Васіля Лупула ў Ясы, а потым — і да сяміградскага князя Юрыя Ракоцы, каб заручыцца іх падтрымкай у вайне з Турцыяй. Шукаў Януш падтрымкі і ў католікаў Княства. З гэтай мэтай пабудаваў некалькі храмаў у сваіх маёнтках, але гэта не падабалася кальвіністам і праваслаўным.

Наступалі смутныя часы для Рэчы Паспалітай. Паводле Люблінскай уніі кіеўскія, валынскія, падольскія землі, якія раней уваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае, адышлі да Кароны. Хутка тут пачаліся спрэчкі і супрацьстаянні паміж каталіцкай і праваслаўнай знаццю, а таксама паміж казацкай вярхушкай і польскай арыстакратыяй. Сітуацыя вельмі абвастрылася, калі Чыгірынскага сотніка Багдана Хмяльніцкага пакрыўдзіў сусед — Чаплінскі. Абураны злачынствам Чаплінскага, Хмяльніцкі аб'яднаў казакаў і абвясціў сябе гетманам, распачаўшы сапраўдную вайну з Каронай.

Кароннае войска несла паразу за паразай. Нават гетманы каронныя Патоцкі і Каліноўскі трапілі ў палон. Януш Радзівіл разлічваў атрымаць булаву гетмана кароннага, але гэтае жаданне Януша не спраўдзілася. Памёр Уладзіслаў IV, і ўплыў Радзівіла ў Кароне змяншаўся.

Нестабільнаму становішчу ў краіне спрыялі і выбары новага караля. У гэты смутны час неаднаразова ўспыхвалі паўстанні сялян і мяшчан, нават і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Уся паўднёвая частка ўжо была ахоплена імі. У 1649 годзе Януш Радзівіл адбіў у Багдана Хмяльніцкага Пінск, Тураў, Мазыр, Бабруйск. Пасля гэтага пачаліся перамовы з казацкім гетманам, але яны ні да чаго добрага не прывялі.

Новы польскі кароль Ян Казімір загадаў Янушу, каб той палову свайго войска аддаў Кароне пад яе ўладу. Але літоўскі сойм, які сабраўся ў маі 1649 года, не згадзіўся з такім патрабаваннем. Большасць дэпутатаў выказалася супраць падзелу літоўскага войска, на чале якога Януш Радзівіл паказаў сябе таленавітым палкаводцам, бліскуча правёў бой пад Лоевам у 1649 годзе і выйграў шмат іншых. У жніўні 1649-га ён пераможна ўвайшоў у Кіеў. Кіеўскі ваявода, Ян Ляшчынскі тады пісаў: «У вядзенні вайны і заключэнні міру ніхто не можа быць таленавіцей за Януша Радзівіла».

Дзякуючы перамозе Януша Радзівіла пад Зборавам было заключана замірэнне паміж казакамі і польскім каралём. 16 снежня 1649 г. ён прыбыў у Варшаву на сойм і перад каралём і Сенатам урачыста кінуў на зямлю здабытыя ў бітве пад Лоевам сцягі разгромленых казацкіх атрадаў, за што ад Сената атрымаў Невель і Себеж, а польскі кароль, каб здабыць дружбу Радзівіла, даў яму пасаду старасты Барысава. Але, на жаль, самы папулярны ў краіне князь не быў у ласцы ў караля, бо ўвесь час стаяў за самастойнасць і незалежнасць Княства. Вось чаму той не хацеў аддаваць яму булаву вялікага гетмана. Разглядаючы гэтае пытанне, сойм наогул спыніў пасяджэнне, бо не мог прыняць адпаведнага рашэння. Януш абураўся, злаваўся, пісаў, што сойм сарвалі «на зло Вялікаму Княству Літоўскаму». Прапаноўваў каралю пачаць перамовы, каб стварыць кааліцыю супраць казакоў. У яе маглі б увайсці гаспадар Малдовы Васіль Лупул, князь сяміградскі і крымскі султан. Кароль з ім згадзіўся. У Януша былі тут свае далёкія планы. Ён хацеў пры дапамозе кааліцыі прымусіць Карону разарваць унію з Літвой.

6 ліпеня 1651 года ў бітве пад Лоевам з казакамі, якімі кіраваў палкоўнік Нябаба, ліцвінскае войска чарговы раз перамагло. Януш Радзівіл пераправіўся праз Днепр і авалодаў Чарнігавам. 3 жніўня ён быў пад Кіевам, які здаўся без бою.

4 верасня 1651 года Януш Радзівіл злучыўся з войскамі Кароны, каб даць вырашальную бітву Багдану Хмяльніцкаму, але той раптам заключыў з каралём мір, вядомы як Белацаркоўскі. У памяць пра ўзяцце Кіева Януш Радзівіл загадаў адліць медаль з надпісам: «Гэта табе, каралю Яне Казіміру, Радзівіл аддае ў рукі разбураныя сцены Кіева і сагайдакі бунтаўнікоў».

26 лютага 1652 года на сойме ў Варшаве Януш Радзівіл далажыў пра дзеянні кароннага і літоўскага войска ў барацьбе з казакамі. Гэта выклікала зайздрасць сярод польскіх магнатаў. Яны пачалі весці інтрыгі супраць Радзівілаў, перш за ўсё супраць Багуслава, потым і самога Януша. Дайшло да шабляў. Каб яшчэ больш распаліць атмасферу, хтосьці пусціў чутку, што памёр гетман вялікі літоўскі Януш Кішка. Кароль, не вельмі давяраючы Радзівілам і баючыся іх, паабяцаў Паўлу Сапегу аддаць яму булаву гетмана вялікага літоўскага. Сапегі варожыліся з Радзівіламі. Засмучаны і абураны Януш пакінуў Варшаву, нават не развітаўшыся з каралём, што па тых часах было неслыханай дзёрзкасцю.

У 1653 годзе на сойме ў Брэсце Януш Радзівіл атрымаў ад караля кіраўніцтва Віленскім ваяводствам. У сакавіку 1654 года, пасля смерці Януша Кішкі, Радзівіл зноў пачаў барацьбу за булаву гетмана вялікага літоўскага і выйграў яе, хоць гэтая перамога дасталася яму нялёгка.

У гэты час Багдан Хмяльніцкі пачаў рыхтаваць нечаканы ўдар па Рэчы Паспалітай насуперак Белацаркоўскаму міру. Ён накіраваў паслоў у Маскву і заключыў у Пераяславе дамову, паводле якой Украіна адыходзіла пад пратэктарат Масковіі. Польскі кароль Ян Казімір у адказ звярнуўся з універсалам да казакоў, але схіліць іх на свой бок не здолеў.

Масква абвясціла вайну Рэчы Паспалітай. Гэтая вайна 1654–1667 гадоў лічыцца самай трагічнай старонкай у гісторыі Беларусі XVII стагоддзя. Адкрыта пачаць агрэсію рускі цар Аляксей Міхайлавіч не адважыўся. Трэба было дыпламатычна яе замаскіраваць, і таму маскоўскае пасольства ў Рэчы Паспалітай шукала розныя прычыны, каб выказаць сваё незадаволенне і ўцягнуць краіну ў крывавую вайну. Яны патрабавалі, каб Сенат прыняў умовы Хмяльніцкага і каб былі пакараныя тыя падданыя Рэчы Паспалітай, хто памыліўся ў напісанні царскага тытула. Да сярэдзіны мая 1654 года ўсё было завершана.

Гіганцкія па тых часах арміі занялі пазіцыі на межах Княства і чакалі пачатку дзеянняў. Армія Трубяцкога крычала: «Гатовыя за веру праваслаўную, за вас, гасудар нашых, і за ўсіх праваслаўных хрысціян без усякай літасці галовы пакласці». На Смаленск ішло 41 тысяча ратнікаў і магутная артылерыя.

Групоўка ваяводы князя Шарамецева налічвала 15 тысяч, асобнае войска Стрэшнева колькасцю 15 тысяч было накіравана на Невель, Полацк, Віцебск. У паўднёва-заходняй арміі, якой кіраваў ваявода князь Аляксей Трубяцкі, налічвалася больш за 15 тысяч ратнікаў. На дапамогу Масковіі па загадзе цара Багдан Хмяльніцкі накіраваў у Беларусь 20 000 казакоў. Нежынскі, Чарнігаўскі, Старадубскі палкі рушылі на паўднёвыя рубяжы Княства. Ім было загадана ўдарыць з флангаў, захапіць Гомель, Чачэрск, Прапаіск, Стары Быхаў. Усяго ў баявых фармаваннях, накіраваных у Беларусь, налічвалася больш за 100 тысяч чалавек. У гэтай арміі былі і палкі заморскага строю — рэйтарскія, салдацкія, драгунскія, гусарскія, забяспечаныя найноўшай зброяй, узначаленыя заходнімі афіцэрамі. У арсенале Маскоўскай дзяржавы было каля 5 тысяч гармат. Княства такую армію выставіць не магло. 10–12 тысяч воінаў — вось усё, што мела Княства падчас барацьбы з арміяй Хмяльніцкага. Нават сойм у Брэсце прыняў каштарыс толькі на 15 тысяч салдат. Была праведзена пэўная праца па абароне гарадоў Смаленска, Віцебска, Полацка. Гэткага было вельмі мала, каб абараніць краіну. Затрымалася місія і з прызначэннем вялікага гетмана Рэчы Паспалітай. Варшаўскі сойм, што пасяджаў з 11 лютага па 28 сакавіка 1654 года, доўга вырашаў пытанне пра булаву. Сімпатыі большасці былі на баку Януша Радзівіла, які сам, як мог, рыхтаваўся да абароны краіны. Хацеў апярэдзіць Маскву і 16 лютага выдаў універсал пра збор войска, у якім пісаў: «Паколькі да мяне даходзяць дакладныя весткі пра набліжэнне магутных маскоўскіх войскаў да межаў дзяржавы, задумаў я як мага хутчэй збіць тую варожую спесь і нагадваю, і ўладай сваёй строга загадваю, каб вашыя міласці харугваў і камандаў сваіх трымаліся і ад іх ні на крок ад'язджаць не намяркоўваліся... бо я на сойме дзень-другі толькі затрымаюся і потым днём і ноччу пабягу да Оршы». Казакам ён пісаў, каб тыя «іга царскага, горшага за іга язычніцкае, на сябе не бралі», а лепш далучаліся б да яго. Але Хмяльніцкі адаслаў гэты зварот у Маскву. А знаць баялася пакідаць межы сваіх паветаў і не вельмі спяшалася да гетмана.

Калі маскоўскае войска было ўжо за 70 км ад Смаленска, толькі тады Януш Радзівіл урэшце атрымаў ад караля на Варшаўскім сойме булаву гетмана вялікага літоўскага. Проста з сойма ён рушыў да Оршы і пачаў збіраць войска. З 11 тысяч чалавек толькі 4 тысячы былі вопытнымі салдатамі. Ён пісаў: «Што тут рабіць? 4 тысячы на кавалкі рваць і ісці на падмогу? Ці Літву абараняць? .. Толькі на Госпада Бога спадзяёмся». Нават у такіх цяжкіх умовах войска Радзівіла наносіла значную шкоду ворагу. «Нашы навалілі трупаў мноства, знайшлі 5 сцягоў і, змучыўшы ворага цягам трох гадзін, нарэшце адступілі: вораг не меў столькі духу, каб наладзіць пераслед, а толькі страляў з лукаў, баючыся хоць на крок адысці ад сваёй пяхоты і пушак».

Маскоўскія ваяводы пачалі паляванне на невялікі корпус Януша Радзівіла. 12 жніўня пад Шкловам ён прыняў бой з пераўзыходнымі сіламі арміі Чаркаскага і перамог, але, на жаль, гэта была апошняя вялікая перамога гетмана. Ваявода Трубяцкі паспяшаўся са Шклова на дапамогу Чаркаскаму. У няроўным баі Януш быў цяжка паранены і адступіў да Барысава. На дапамогу яму прыйшоў стрыечны брат, канюшы Вялікага Княства, Багуслаў Радзівіл з 200 драгуннымі. Януш Радзівіл не здолеў у гэты час уступіць у адкрытую бітву з ворагам. Яшчэ не ачаўтаўшыся пасля цяжкай раны, ён узяўся за дыпламатычную місію: пачаў пасылаць ганцоў да Хмяльніцкага, Юрыя II Ракоцы і шведскага караля Карла X Густава. Тым часам маскоўскія войскі занялі Магілёў, Мінск, Коўна, і, нарэшце, падышлі да Вільні. Асаджаная ворагам Вільня не магла спадзявацца на дапамогу. Абараняючы той ці іншы горад або край, Радзівіл быў вымушаны здымаць харугвы з аднаго месца і пераводзіць у іншае. На дапамогу Кароны не было ніякай надзеі.

У Масковіі пачаліся перамовы са Швецыяй, каб падзяліць Вялікае Княства на дзве часткі. Мяжа павінна была прайсці ці праз Слуцк, ці праз Нясвіж і Мінск. Але хутка Масква пад уздзеяннем перамог увогуле не захацела дзяліцца. Цар сам вырашыў давесці вайну да пераможнага канца. Шведскі кароль Карл X Густаў, скарыстаўшы зручны момант, вырашыў пачаць вайну з Рэччу Паспалітай. На Вялікае Княства рушыў палкаводзец Магнус Дэлагарды і заняў Біржы. Асноўныя сілы Швецыі пайшлі на Карону. Што магло ў тых умовах зрабіць Княства? Януш Радзівіл, паводле слоў Багуслава, «падаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй». Як піша Генадзь Сагановіч, «гэта быў свядомы і паслядоўны крок вялікага гетмана».

29 ліпеня Януш і Багуслаў Радзівілы афіцыйна выявілі гатоўнасць прыняць пратэктарат Швецыі і прызнаць шведскага караля Карла X Густава вялікім князем Літоўскім.

Даведаўшыся пра пратэктарат Швецыі над Вялікім Княствам Літоўскім, рускі цар паслаў у Кейданы да Радзівіла пасла Ліхарава з прапановай перайсці пад уладу цара, абяцаючы захаванне свабоды веравызнання, прывілеяў і маёнткаў знаці. Януш Радзівіл з горыччу адказаў: «У павеце каля Вільні ратныя царскія людзі сялян, жанчын, маленькіх дзяцей сякуць усіх і ўсё паляць».

20 кастрычніка 1654 года было заключана пагадненне, якое падпісалі 1142 — шляхта, магнаты, каталіцкае духавенства, паводле якога Вялікае Княства Літоўскае заключыла саюз са Швецыяй і прызнала шведскага караля вялікім князем Літоўскім. Царская армія пачала адступаць і рабаваць усё, што магла. Не здолела толькі ўзяць Слуцк, над абаронай якога вельмі плённа папрацаваў Багуслаў Радзівіл.

Трубяцкі зняў аблогу Слуцка і павёў сваю армію на Клецк і Нясвіж, спальваючы ўсё навокал.

Злучыўшыся з 5-тысячным казацкім войскам Васіля Залатарэнкі, Трубяцкі накіраваўся ў Нясвіж, дзе ўсё было выпалена, і ўстояў толькі адзін замак, у якім абараняўся дваццацігадовы Міхал Казімір Радзівіл.

Спачатку армія падтрымала Януша Радзівіла, асабліва калі стала вядома, што шведы абяцалі плаціць грошы і забяспечваць зброяй, порахам і іншым вайсковым рыштункам. Але Карл X Густаў не выканаў сваіх абяцанняў. Армія падняла бунт і пакінула хворага Януша Радзівіла.

15 снежня Януш Радзівіл зачыніўся ў Тыкоцыне і пачаў рыхтавацца да абароны. Ён зноў напісаў Густаву, прасіў у яго дапамогі. Але сілы ўжо пакідалі вялікага гетмана.

У ноч з 30 на 31 снежня 1655 года Януша Радзівіла не стала. На яго мёртвым целе выступілі плямы, якія сведчылі пра тое, што князь быў атручаны. Вялікага гетмана пахавалі ў Тыкоцыне. Праз два гады Тыкоцін быў заняты ліцвінскім войскам пад кіраўніцтвам Паўла Сапегі. Труну з целам вялікага гетмана перавезлі ў вотчыну Радзівілаў — Селец пад Брэстам. Затым на просьбу Багуслава Радзівіла цела князя, нарэшце, супакоілася ў родавым склепе ў Кейданах.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках