Украіна пашырае прымяненне баявых дронаў з ШІ
- 6.12.2025, 20:21
Дроны самастойна захопліваюць мэту і могуць атакоўваць яе нават пры адсутнасці сувязі з аператарам.
Прымяненне дронаў-камікадзэ, абсталяваных сістэмамі «штучнага інтэлекту» для выяўлення мэтаў, становіцца ўсё больш звыклай з’явай у Сілах абароны Украіны. Пра гэта піша BILD, аналізуючы відэа, апублікаванае 1-м корпусам Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў».
У нарэзцы ўдараў, якія былі зняты ў раёне Добраполля пад Пакроўскам, бачны інтэрфейс дронаў з сістэмай аўтаматычнага выяўлення і вылучэння мэтаў. Так, патэнцыйныя мэты абводзяцца зялёнай рамкай, папярэднія мэты — фіялетавай. На відэа таксама відаць, як аператар курсорам ухваляе мэты для атакі, пасля чаго яны бяруцца ў чырвоную рамку.
BILD звяртае ўвагу, што сістэма здольная ідэнтыфікаваць і адсочваць адразу некалькі мэтаў. Пры гэтым аператар можа вызначаць прыярытэтныя мэты, што змяншае нагрузку на яго, але не пазбаўляе кантролю над сітуацыяй.
У BILD сцвярджаюць, што атрымалі пацвярджэнне сапраўднасці кадраў ад украінскага інсайдара са сферы прымянення дронаў. Ён запэўніў, што на відэа «сапраўдны ШІ, калі ўвогуле можна так яго называць».
Аднак удакладніў, што для такой інтэлектуальнай візуалізацыі мэтаў прафесіяналы аддаюць перавагу тэрміну «advanced computer vision» — «прасунутае камп'ютарнае бачанне».