Нямеччына перакінула знішчальнікі бліжэй да Расіі
- 4.12.2025, 21:13
- 1,520
Для ўзмацнення ўсходняга флангу НАТА.
Нямеччына накіравала ў Польшчу знішчальнікі Eurofighter і 150 вайскоўцаў, каб узмацніць бяспеку ўсходняга флангу НАТА.
Пра гэта паведамляе Welt.
Ваенна-паветраныя сілы Германіі паведамілі, што некалькі знішчальнікаў Eurofighter вылецелі з авіябазы Нёрвеніх на польскі ваенны аэрадром Мальбарк.
Разам з самалётамі прыбылі каля 150 вайскоўцаў, сярод іх пілоты, тэхнічныя спецыялісты, лагісты, ахоўнікі і ваенная паліцыя.
«Гэта місія робіць яшчэ адзін каштоўны ўнёсак у абарону ўсходняй часткі Альянсу і дэманструе падтрымку Польшчы і НАТА», - падкрэслівае інспектар Паветраных сіл генерал-лейтэнант Хольгер Нойман.
Разгортванне плануецца да сакавіка 2026 года і стала рэакцыяй на нядаўнія парушэнні паветранай прасторы і ўварванне беспілотнікаў-камікадзэ.
У жніўні і верасні 2025 года нямецкія знішчальнікі ўжо дыслакаваліся на авіябазе Мальбарк.
Аэрадром размешчаны за 60 км на паўднёвы ўсход ад Гданьска і за 80 км ад Калінінграда.
Разгортванне з'яўляецца часткай пастаяннай стратэгіі НАТА па ўзмацненні ўсходняга флангу ў адказ на актывізацыю расійскай ваеннай дзейнасці.