Уіткоф і Кушнер сустрэнуцца з прадстаўніком Украіны ў Маямі
4- 4.12.2025, 8:07
- 2,738
Для абмеркавання мірнага плану.
У чацвер, 4 снежня, спецыяльны прадстаўнік Трампа Стыў Уіткоф і зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа сустрэнуцца ў Маямі з сакратаром РНБА Рустэмам Умеравым. Яны працягнуць абмяркоўваць мірную здзелку.
Пра гэта паведамляе (Associated Press https://apnews.com/article/russia-ukraine-war-peace-talks-putin-witkoff-aa639c6ba85c4fc6d5a07c65e72e96d8).
«Паводле слоў высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі Трампа... Уіткоф і Кушнер сустрэнуцца з галоўным перамоўцам Украіны Рустэмам Умеравым у чацвер для далейшых перамоў», — піша выданне.
Пры гэтым AP дадаў, што пакуль не ясна, да якіх вынікаў прывядуць перамовы. Іх далейшы ход шмат у чым залежыць ад таго, што вырашыць адміністрацыя Трампа — узмацніць ціск на Расію або на Украіну, каб дамагчыся ўступак.
Мірны план ЗША
Нагадаем, у лістападзе ЗША прадставілі Украіне новы мірны план па заканчэнні вайны. Дакумент складаўся з 28 пунктаў, але быў відавочна занадта на карысць Расіі.
З гэтай прычыны 23 і 30 лістапада ў Жэневе і Маямі адбыліся сустрэчы паміж дэлегацыямі ЗША і Украіны, каб дапрацаваць дакумент і зрабіць яго больш выгадным для Кіева.
Ужо ў аўторак, 2 снежня, Уіткоф і Кушнер прыбылі ў Маскву, каб сустрэцца з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным і абмеркаваць дапрацаваны мірны план ЗША.
Па выніках сустрэчы памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што кампрамісы пакуль не знойдзены, але бакі працягнуць працу. Таксама ён паведаміў, што акрамя гэтага мірнага плана Вашынгтон перадаў Маскве яшчэ 4 дакументы па заканчэнні вайны.
Адпаведныя фармулёўкі былі ўспрынятыя так, што Пуцін адхіліў мірны план ЗША. Але прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў 3 снежня сцвярджаў, што нібыта гэта не так.
Дарэчы, па звестках Reuters, Уіткоф і Кушнер даклалі Трампу пра «прадуктыўную» сустрэчу з Пуціным. Падрабязнасцяў пакуль асабліва няма, але Трамп некалькі гадзін таму сказаў прэсе, што сустрэча была даволі добрай, і ў спецыяльнага прадстаўніка і зяця склалася ўражанне, што Пуцін хоча скончыць вайну.
У сераду вечарам, 3 снежня, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў, што ўкраінская дэлегацыя рыхтуецца да сустрэчы ў ЗША.
Паводле яго слоў, існуе пастаянны кантакт паміж усімі партнёрамі, а таксама паміж партнёрамі і Украінай.
«Усё цяпер адбываецца даволі вынікова — на сустрэчах у Жэневе і ў Фларыдзе Украіну чулі і да Украіны прыслухоўваліся. І гэта важна. Разлічваем, што і надалей будзе менавіта так. Толькі з улікам інтарэсаў Украіны магчымы годны мір», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Ён дадаў, што цяпер свет дакладна адчувае: ёсць магчымасць скончыць вайну, таму актыўнасць у перамовах трэба падмацоўваць ціскам на РФ.