12 студзеня 2026, панядзелак, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польская зорка Магда Гесслер прыйшла ў рэстаран беларусаў у Варшаве

6
Польская зорка Магда Гесслер прыйшла ў рэстаран беларусаў у Варшаве

І ўсё там перарабіла.

Васіль і Вольга пакінулі ў Беларусі рэстаранны бізнес і з’ехалі з краіны пасля падзей 2020 года. У Варшаве яны адкрылі ўласную ўстанову, дзе прапаноўвалі мясцовай аўдыторыі драннікі, баршч і іншыя знаёмыя беларусам стравы. А нядаўна муж і жонка сталі героямі праекта Магды Гесслер «Кухонныя рэвалюцыі» — папулярнага тэлешоу ў фармаце пераўтварэння ўстаноў грамадскага харчавання. Так іх Bistro 2020 ператварылася ў рэстаран Galop. Як гэта было і што змянілася пасля тэлевізійнай «рэвалюцыі», Васіль расказаў MOST.

У Беларусі ў сям’і быў уласны бізнес — гарадскі рэстаран і загарадны комплекс. Паводле слоў Васіля, гэты бізнес яны не закрывалі і не прадавалі, аднак да яго ўжо не маюць дачынення.

— Ну, называйце гэта як хочаце, але ўсё засталося там, — кажа ён.

У Польшчы муж і жонка пачалі з найманай працы ў сферы гастраноміі, паралельна прыглядаліся да рынку і думалі, як з часам адкрыць уласную ўстанову. Васіль тлумачыць, што пачынаць бізнес адразу пасля пераезду было занадта рызыкоўна.

— У чужой краіне складана адразу нешта адкрываць: не ведаеш рынку, маркетынгу, як усё ўладкавана. Можна сказаць, мы вывучалі рынак знутры.

«Тут — не дома: няма такога, каб хтосьці своечасова дапамог»

Праз некалькі гадоў найманай працы Васіль і Вольга ўсё ж рызыкнулі і запусцілі свой праект у Варшаве. Гэта аказалася складаней, чым чакалася.

— Былі складанасці з памяшканнем: ці дорага, ці месца не тое, ці яшчэ трэба абсталяванне дакупляць, — кажа Васіль. — Трэба было знайсці аптымальны варыянт і па кошце, і па месцазнаходжанні.

Не лягчэй аказалася прыцягнуць фінансаванне. Уласных сродкаў для запуску бізнесу ў сям’і не было, таму давялося шукаць інвестараў.

— Тут — не дома: няма такога, каб хтосьці своечасова дапамог, — тлумачыць ён.

Тым не менш у 2024 годзе ў Варшаве з’явіўся рэстаран Bistro 2020 — першая спроба сям’і зноў выбудаваць уласны рэстаранны бізнес, цяпер ужо ў Польшчы.

«Дранікі, бабка — для многіх гэта звычайная кухня»

Пачаць вырашылі з беларускай і падляскай кухні, якая добра знаёмая самім уладальнікам. Але праект развіваўся павольней, чым планавалася. Варшаўская аўдыторыя не ўспрымае беларускія і ўсходнепольскія стравы як нешта новае.

— Бульбай у Польшчы нікога не здзівіш. Дранікі, бабка — для многіх гэта звычайная кухня, — тлумачыць Васіль.

Насамрэч рэгіянальныя адрозненні ў рэцэптах і спосабах прыгатавання ёсць, але яны не відавочныя. Без выбудаванай маркетынгавай праграмы яны заставаліся для гасцей незаўважнымі. Гэта не дазваляла расці ў запланаваным тэмпе.

— А жыць таксама за нешта трэба, і з інвестарамі трэба было разбірацца, — дадае Васіль.

Тэлевізійны паварот

Уладальнікі вырашылі рызыкнуць і паспрабаваць іншы шлях — удзел у тэлевізійным шоу Магды Гесслер «Кухонныя рэвалюцыі» (Kuchenne rewolucje). Гэта папулярны заходні фармат рэаліці-шоу, у якім Гесслер дапамагае ператвараць і ратаваць установы грамадскага харчавання па ўсёй Польшчы.

Спачатку яна дэгустуе стравы, потым ідзе публічная крытыка (часцяком даволі жорсткая), а далей — поўная трансфармацыя ўстановы — ад назвы і інтэр’еру да канцэпцыі і меню.

Bistro 2020 стала часткай фіналу 31-га сезона праекта і з’явілася ў 14-й серыі.

Васіль не можа падрабязна распавядаць пра тое, як праходзіла праца над выпускам. Удзельнікі праекта падпісваюць кантракт аб неразгалошванні, які абмяжоўвае абмеркаванне закулісся шоу. Ён дзеліцца толькі агульнымі ўражаннямі. Паводле яго слоў, праца з камандай пакінула хутчэй пазітыўнае ўражанне.

— Гэта цікава нават проста для агульнага развіцця. Каманда добрая, дабразычлівая, прыемна працаваць з людзьмі. Нават калі дзесьці нешта не так, разумееш, што гэта рэаліці-шоу і без канфлікту не будзе цікавага выпуску, — кажа ён.

Ад бульбы да скачак

У выніку трансфармацыі Bistro 2020 змяніла назву на Galop — гэта адсылка да месцазнаходжання ўстановы: побач іпадром. І канцэпцыя рэстарана цяпер звязаная з тэмай скачак і жакейскай эстэтыкай.

Змянілася і кухня. У выпуску можна ўбачыць, як Магда Гесслер прапануе адысці ад рэгіянальнай гастраноміі і зрабіць больш складанае, рэстараннае меню. У ім з’яўляюцца стравы з цяляціны і ялавічыны, сэндвічы ў фармаце five o’clock tea, булёны і мясныя пазіцыі, што патрабуюць вышэйшай кулінарнай падрыхтоўкі.

Мяняецца і візуальны воблік установы: інтэр’ер становіцца больш камерным і клубным, з цёплымі колерамі, шчыльным тэкстылем і ненавязлівымі дэталямі, што падтрымліваюць новую канцэпцыю. Такое месца арыентавана не на дыяспару, а на польскую публіку.

— Паменялася меню, памяняўся кантынгент, памяняліся госці. Калі раней, можа, было 50 на 50 палякаў і беларусаў, дык цяпер пераважае польская аўдыторыя. Але беларусы ўсё роўна прыходзяць, — кажа ён і дадае, што частка гасцей вяртаецца менавіта таму, што ведае гісторыю ўстановы. Хтосьці памятаў Bistro 2020, хтосьці даведаўся пра яго пасля выхаду выпуску.

«Паводле статыстыкі, большая частка не дажывае нават да года»

Рэстаран працуе ўжо больш за год — тэрмін, які ў гастранамічным бізнесе лічаць паказчыкам устойлівасці.

— Вельмі шмат рэстаранаў адкрываюцца і хутка закрываюцца. Паводле статыстыкі, большая частка не дажывае нават да года, — кажа Васіль.

Дадатковай апорай для праекта стаў кейтэрынг — ён дазваляе кампенсаваць нестабільнасць працы залы і перажываць перыяды, калі гасцей становіцца менш.

Паводле слоў Васіля, фінансава праект усё яшчэ ў працэсе развіцця. Значная частка сродкаў ідзе на прасоўванне і рэкламу, а ўкладзеныя інвестыцыі пакуль не ўдалося цалкам вярнуць.

— Галоўнае, што мы жывём, працуем і працягваем рабіць сваю справу, — кажа ён.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках