Расійскі генерал: ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас
17- 3.12.2025, 23:38
- 23,026
Былы камандуючы Сухапутнымі войскамі Расіі заявіў пра правал «СВА».
У эфіры расійскіх медыя прагучала нечаканае прызнанне правалу так званай «спецаперацыі». Былы камандуючы Сухапутнымі войскамі Расіі заявіў пра непадрыхтаванасць арміі да рэальных баявых дзеянняў.
«Каб быць шчырым, (…) на мой погляд, Расія чарговы раз не была гатовая да вайны, як гэта было і ў мінулыя гады, і ў мінулыя стагоддзі. Больш за тое, традыцыйна адбылася недаацэнка праціўніка і пераацэнка ўласных войскаў», — заявіў у эфіры канала РБК генерал Уладзімір Чыркін.
Паводле слоў ваеначальніка, Крэмль пачаў уварванне без належнай падрыхтоўкі і знаходзячыся пад уплывам катастрафічна памылковых разведзвестак:
«Калі вы памятаеце, 22 лютага пачалі казаць, што вайна скончыцца праз трое сутак. «Зараз мы іх зробім». Недзе спрацоўвалі «тбіліскі сіндром» і падзеі пяцідзённай вайны з Грузіяй. Але … так не атрымалася.
Я паставіў бы адзнаку «незадавальняльна» ўсяму нашаму разведвальнаму супольніцтву Расіі. Па сутнасці, кіраўніцтву краіны была, я б сказаў, паведамлена ілжывая інфармацыя: што 70% насельніцтва Украіны за нас, а 30% — супраць. Высветлілася дакладна наадварот: 30% за нас, а 70% — супраць».
У выніку, як нагадаў Чыркін, «літаральна за першыя тыдні мы атрымалі сур'ёзны жорсткі ўрок», маючы на ўвазе поўны разгром расійскіх войскаў пад Кіевам і вымушанае адступленне з поўначы Украіны.
«І былы міністр абароны (Шайгу — рэд.) паспрабаваў прыгожа выйсці з гэтай сітуацыі, называючы тое, што адбываецца, жэстам добрай волі», — працягнуў генерал і дадаў:
«Колькі там мы пакінулі загінулых, параненых і пакалечаных, гэта ведаюць у нашай арміі. І, думаю, гісторыя яшчэ да канца не асветлена».
Акрамя таго, ваеначальнік раскрытыкаваў тэхнічную адсталасць расійскай арміі, якая не зрабіла высноваў з сучасных канфліктаў.