Прэм'ер-міністр Літвы: Перавозчыкі павінны пратэставаць на беларускім баку
8- 3.12.2025, 17:25
- 4,168
Беларускі бок дэманструе сваю агрэсію, утрымліваючы машыны.
Літоўскія перавозчыкі не могуць вярнуць свае грузавікі з Беларусі, таму на наступным тыдні плануюць акцыю пратэсту ў Вільнюсе. Прэм'ер-міністр балтыйскай краіны Інга Ругінене сказала, што пратэставаць яны павінны ў Беларусі, якая арганізавала гібрыдную атаку супраць Літвы, піша Delfi.lt.
«Перавозчыкі насамрэч павінны пратэставаць на беларускім баку, мы зрабілі ўсё, каб машыны маглі перасоўвацца з першага дня, калі зачынілі мяжу, мы ясна сказалі, што дазваляем вярнуцца дадому — перавозчыкам і літоўскай маёмасці», — сказала ў сераду Ругінене.
Паводле яе слоў, беларускі рэжым з моманту закрыцця мяжы адмаўляў, што паветраная кантрабанда — гэта гібрыдная атака супраць Літвы.
«Калі мяжу адкрылі, мы ўбачылі рэальную карціну, што беларускі бок дэманструе сваю агрэсію, утрымліваючы машыны на сваім баку, таму калі ўжо пратэставаць, то трэба пратэставаць супраць рэжыму Лукашэнкі», — сказала Ругінене.
Пра запланаваную акцыю пратэсту 2 снежня паведаміла асацыяцыя Linava.
Нагадаем, што з-за гібрыднай атакі з боку Лукашэнкі ў Літве правялі цэлы шэраг пасяджэнняў Камітэта па нацыянальнай бяспецы; гэтае пытанне абмяркоўваецца ва ўсіх фарматах як у самой краіне, так і на міжнародным узроўні.
З-за паветранай кантрабанды напрыканцы кастрычніка мяжу з Беларуссю закрылі на месяц. Пазней беларускі рэжым забараніў літоўскім цягачам перамяшчацца па тэрыторыі Беларусі. Паведамлялася, што літоўскія перавозчыкі павінны трымаць машыны на спецыяльных пляцоўках у Беларусі.
Каб вярнуць машыны, Літва 20 лістапада датэрмінова адкрыла мяжу з Беларуссю, адзначыўшы, што сітуацыя з бяспекай палепшылася, метэазондаў стала менш. Праўда, цягачы дагэтуль не могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі. Паводле дадзеных Linava, у Беларусі засталіся каля 1200 цягачоў, аднак прэм’ер сцвярджае, што гаворка ідзе пра 280 цягачоў.