Амерыканская медык з палка Каліноўскага: Беларусы — вельмі моцныя людзі
3- 3.12.2025, 14:42
- 6,960
Фота з асабістага архіва
Гісторыя пра смеласць, веру і мэту жыцця.
Рыма Журайціс пакінула жыццё ў ЗША і ратуе салдат ва Украіне. Фінансавы офіс яна памяняла на відовішча разарваных канечнасцяў і ўнутранасцяў. Часам усё, чаго яна хоча, — гэта гарачы душ. Але вяртацца да грамадзянскага жыцця Рыма плануе толькі тады, калі скончыцца вайна, перадае «Радыё Свабода».
Цяпер або ніколі
Нядаўна палк Каліноўскага прэзентаваў на сваіх старонках у сацыяльных сетках баёву́ю медык Stitch (Stitch па-англійску — «шво»), якая служыць у іх. У грамадзянскім жыцці жанчыну завуць Рыма Журайціс (Rima Ziuraitis). Ёй 37 гадоў.
Рыма да 2022 года жыла ў ЗША, працавала ў фінансавай сферы. Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну яна звольнілася і паехала на вайну. Кажа, што рашэнне прыняла лёгка: цяпер або ніколі.
«Ніякіх ваганняў. Я ведала: гэта тое, што мне трэба будзе зрабіць. І я была вельмі цвёрда настроеная. Я ніколі не сумнявалася. Зрабіла б я гэта зноў? Так, без ваганняў», — кажа яна.
Суразмоўца адзначае, што для яе вайна пачалася не ў 2022 годзе, як для многіх валанцёраў, а ў 2014‑м, калі Расія акупавала Крым. Рыма — літоўка па паходжанні. Яе прабабулі і прадзеды родам з Літвы. Яна ўнучка ваенных уцекачоў часоў Другой сусветнай вайны. Рыма заўважае, што Расія калісьці таксама захапіла яе краіну.
З 2014 года дзяўчына пачала актыўна супрацоўнічаць з украінскай супольнасцю ў ЗША, выходзіла на мітынгі, каб адстойваць суверэнітэт Украіны. У 2022 годзе яна ўзначаліла няўрадавую арганізацыю, якая аказвала нелятальную вайсковую і медыцынскую дапамогу. Прыблізна праз год Рыма зразумела, што існуе патрэба ў медыках, і вырашыла кардынальна змяніць сваю прафесійную сферу.
«Я заўсёды добра ладзіла з людзьмі, дапамагала ім. Я вельмі дбаю пра здароўе і бяспеку людзей, шмат гадоў даглядала сваю бабулю. Таму для мяне гэта быў даволі лёгкі пераход. Я закахалася ў медыцыну», — тлумачыць яна змену прафесіі.

Падрыхтоўка на баёвага медыка заняла каля васьмі месяцаў — хоць вучыцца медыкі ніколі не перастаюць, адзначае суразмоўца. Спачатку яна працавала інструктарам тактычнай медыцыны. Цяпер у палку Каліноўскага яе асноўная праца — памочніца хірургаў і медсясцёр на стабілізацыйным пункце (нешта кшталту шпіталя). Часам яна таксама працуе на медэваку — спецыяльнай машыне, якая перавозіць параненых з месца боевых дзеянняў у стабілізацыйны пункт.
«Запісалася і аказалася ў палку Каліноўскага»
Сувязяў з Беларуссю ў Рымы раней было няшмат. У палк Каліноўскага яна трапіла дзякуючы свайму сябру з палка Каліноўскага, які прайшоў адзін з яе медыцынскіх курсаў. Ён паведаміў, што ў іх падраздзяленні ёсць вакансія медыка.
«Я запісалася і так аказалася ў палку Каліноўскага», — падсумоўвае суразмоўца.
У 2020 годзе Рыма ўдзельнічала ў мітынгах беларусаў у Чыкага супраць рэжыму Лукашэнкі. Кажа, што раней ведала некалькі выразаў па-беларуску. На просьбу ўспомніць нешта кажа: «Жыве Беларусь!».
«Людзі, з якімі я пратэставала, — цудоўныя. І, вядома, людзі, з якімі я служу, таксама выдатныя. Я люблю сваю каманду. Глыбока паважаю людзей, якія змагаюцца за свабоду, рызыкуючы ўласнымі сіламі. Таму я глыбока паважаю беларусаў, з якімі служу. Моцныя людзі. Вельмі моцныя людзі», — кажа яна.
Рыма кажа, што ў яе на вайне ніколі не было такога моманту, калі яна думала вярнуцца да грамадзянскага жыцця.
«Я баялася. Калі вы не баіцеся, значыць, нешта не так. У гэтай працы заўсёды ёсць элемент страху. Мой найбольшы страх — гэта праблемы з беспілотнікамі FPV. Яны пераследуюць нашы медэвакі, стабілізацыйныя пункты. Расіяне заўсёды знаходзяць новыя спосабы палявання на людзей», — шчыра кажа Рыма.
Яна кажа, што ніколі, нават калі побач працавала многа артылерыі, у яе не было думак: «Еду дадому, гэта для мяне зашмат». Замест гэтага яе думкі пераключаліся на пытанні: «Што я магу зрабіць, каму магу дапамагчы і каму што трэба?»

«Найцяжэй для мяне — пакуты параненых салдат. Гэта мяне неверагодна засмучае. Справа не ў фізічнай траўме, не ў крыві і ўнутранасцях — гэта частка маёй працы, гэтага я не баюся: мне цяжка назіраць, як людзі пакутуюць», — кажа баёвы медык.
Рыма адзначае, што імкнецца палегчыць іхныя пакуты. Таксама стараецца дбаць пра сябе ў гэтых умовах.
«Надзвычай важна пагаварыць з кагосьці, няхай гэта будзе псіхатэрапеўт або святар. Калі вы перажываеце цяжкі час, у многіх узнікае посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне. Да мяне таксама прыходзяць пагаварыць салдаты. Калі ты перастаеш размаўляць з людзьмі, думаю, гэта менш здарова. Асноўная ідэя — заўсёды быць побач з кімсьці, калі яны маюць у табе патрэбу, а калі табе патрэбны хтосьці, знайсці, з кім можна пагаварыць і каму ты давяраеш», — кажа яна.
У клопаце пра сябе Рыма таксама шмат піша ў дзённікі.
«Гэта дапамагае выкінуць усё з галавы на паперу», — кажа суразмоўца.
Таксама яна працягвае рабіць дробныя рэчы, якія рабіла да вайны, напрыклад, вяжа шапкі — як хобі.
Першы паранены
Stitch расказала пра свайго першага параненага. Яна дзяжурыла ўначы на стабілізацыйным пункце. Прывезлі чалавека ў даволі крытычным стане. Падаецца, ён наступіў на міну.
«Адна нага была зусім не пазнавальная. Хірургі вырашылі зрабіць частковую ампутацыю. Я заўважыла, што салдат усё яшчэ не спаў і быў вельмі спакойны. Ён не крычаў, яны звычайна гэтага не робяць. Тых, хто крычаў, у нас было ўсяго некалькі», — узгадвае медык.
Рыма пачала размаўляць з параненым, каб ён ведаў, што ён не адзін. Цяпер яна так робіць і з іншымі пацыентамі. Кажа ім некалькі фраз па-ўкраінску, якія ведае.
«Я тады спытала: «У вас усё ў парадку?» Ён пачуў, што я размаўляю па-англійску, і спытаў: «Як вас завуць?» Я была шакаваная. Я гэтага не чакала. Я паглядзела на яго і сказала: «Мяне завуць Рыма». Я ўзяла яго за руку. Ён сказаў: «Мяне завуць Аляксандр». Мы вылечылі яму ногі. Але гэта быў момант, які я ніколі не забуду, бо ён быў такі спакойны і проста патрэбна было, каб хтосьці быў побач», — дзеліцца ўспамінам суразмоўца.
Гэта суцяшэнне для людзей у найгоршы дзень іх жыцця, лічыць Рыма. А таксама суцяшэнне для яе самой, што яна зрабіла нешта, каб дапамагчы камусьці перажыць цяжкі час.
У Рымы яшчэ не паміралі пацыенты, якіх яна ратавала. Але некалькі разоў яна сутыкалася з ужо загінулымі салдатамі.
«Мы апрацоўваем нашых загінулых. Гэты момант для мяне заўсёды вельмі сумны, але адначасова я адчуваю палёгку, таму што яны больш не пакутуюць. Як медыкі мы ведаем, што не можам уратаваць усіх, але будзем змагацца як чэрці, каб паспрабаваць уратаваць. Таму мы заўсёды будзем думаць, ці маглі б мы зрабіць нешта яшчэ, нават калі нічога зрабіць немагчыма», — прызнаецца яна.
У тыя дні, калі яна сутыкаецца са смерцю, — дзеліцца Stitch, — яна больш часу праводзіць у цішыні, у роздуме, думае пра памерлага, яго сям’ю.
«Калі ў нас такая сітуацыя, мы стараемся працаваць крыху больш для параненых, якія прыходзяць да нас у гэты дзень, каб пераканацца, што гэта не паўторыцца… Я шмат думаю. Я заўсёды ў сваёй галаве, большую частку часу. Мае сябры пытаюцца: «Дзе ты?» А я проста сяджу там», — паказвае яна на галаву.
Рыма кажа, што шмат плача на вайне, у апошні тыдзень таксама.
«Думаю, гэта чалавечая рэакцыя, асабліва калі мы губляем сваіх сяброў. Шмат маіх сяброў забілі. Гэта перажыванне ніколі не стане лягчэйшым. Усё адно баліць кожны раз», — прызнаецца яна.
«Бываюць дні, калі я проста хачу гарачы душ»
Асноўная мова зносін у Рымы — англійская. Але яна вывучыла ўкраінскі алфавіт, каб чытаць, асабліва назвы лекаў, набораў для працэдур, і ўжо шмат што разумее па-ўкраінску, хоць ёй яшчэ складана гаварыць на гэтай мове.
«Мне трэба ўмець распазнаваць гэтыя словы і іх значэнні, каб я магла перадаваць хірургам тое, што яны прасілі», — тлумачыць яна.
Некаторыя медыкі ў падраздзяленні размаўляюць па-англійску. Рыма чуе, як яны вучаць яе мову праз Duolingo. Яна праз гэта ж прыкладанне вучыцца іх роднай мове.

Застацца жанчынай на вайне складана, лічыць Рыма. Гэта залежыць ад таго, дзе чалавек знаходзіцца, і ад яго ролі на вайне.
«Часам у гарадах на перадавой ёсць месцы, куды можна пайсці зрабіць манікюр, пастрыгчыся. Калі ў мяне перапынак, я іду фарбаваць валасы. Думаю, гэта ў большай ступені таму, што ты жанчына ў асяроддзі, дзе дамінуюць мужчыны. Клопат пра сябе — гэта пра вашы прыярытэты. Калі вы зробіце гэта прыярытэтам, вы знойдзеце спосаб зрабіць манікюр, прычоску», — разважае яна.
Яна кажа, што часцей выглядае так, як падчас нашага размовы, з заплеценай касой. Яна ходзіць рабіць манікюр, каб адпачыць. Дбаць пра сябе нават на вайне ў гэтым плане — нармальна, лічыць Рыма.
«Калі мы перастаём дбаць пра сябе, гэта горш адбіваецца на нашым маральным духу», — перакананая яна.
На вайне яна навучылася цаніць праточную гарачую ваду, электрычнасць і камфортныя прыбіральні.
«Праточная вада — мая любімая рэч. Я перажыла шмат сітуацый, калі ў нас не было праточнай вады і электрычнасці, і палёгка, якую я адчуваю, як толькі трапляю ў месца, дзе яны ёсць, — выдатная. Вулічныя прыбіральні не маюць ніякага шарму. Няма нічога станоўчага, што можна сказаць пра вулічную прыбіральню. Але, ведаеце, вы з гэтым спраўляецеся, і гэта жыццё. Я прыехала з Амерыкі, дзе ў нас няма такіх праблем, але я хутка адаптавалася», — кажа яна.
Пераадольваць такія складанасці ёй дапамагае думка пра яе місію, а таксама тое, што так будзе не заўсёды.
«Ты бурчыш і наракаеш, бо бываюць дні, калі — так — я проста хачу гарачы душ. Але, ведаеце, гэта не назаўсёды», — кажа суразмоўца.
«Жыццё можа быць вельмі кароткім»
Рыма прызнаецца, што цяпер на вайне ў яе няма мэты ствараць сям’ю і выхоўваць дзяцей, хоць яна не выключае, што нешта можа змяніцца.
«Мае мэты цяпер крыху іншыя. Я цяпер выключна сканцэнтраваная на сваёй працы. Мне падабаецца маё жыццё… У нас ёсць калегі ў камандзе, якія шчасліва жанатыя, і яны любяць сваё жыццё. Ёсць шмат людзей, якія знаходзяць каханне. Думаю, гэта выдатна. Вельмі падтрымліваю гэтых людзей. Я веру ў каханне. Важна не ўпускаць магчымасць. Але для мяне быць жонкай і маці — не галоўны прыярытэт цяпер», — адзначае яна.
Яна кажа, што ніколі не думала з’ехаць з вайны. Вярнуцца да мірнага жыцця яна думае толькі тады, калі Украіна пераможа ў вайне. Яна хацела б і далей, ужо ў грамадзянскім жыцці, працаваць медыкам, паступіць вучыцца на медыцынскі напрамак. У якой краіне яна будзе жыць далей, Рыма пакуль не ведае.
«Не ведаю, што чакае мяне ў будучыні, але цяпер я шчаслівая, што іду за сваёй марай», — кажа яна.

Рыма лічыць, што за час, праведзены на вайне, яна стала больш упэўненай у сабе.
«Гэта не проста бясстрашнасць. Гэта большая ўпэўненасць у сабе, у сваіх здольнасцях, у жыцці. Гэта дапамагло мне захаваць сваю мужнасць і перакананні, каб адстойваць правы іншых. Гэта дало мне як асобе мацнейшы голас. Раней я больш баялася, што могуць падумаць людзі. Цяпер проста ведаю, што гэта правільна, і не мае значэння, што думаюць іншыя. Вам трэба ісці за сваім натхненнем, сваёй рашучасцю, сваімі мэтамі, за тым, што вы лічыце правільным у жыцці», — лічыць яна.
Вайна зрабіла яе мацнейшай, а яе скуру — таўсцейшай, адзначае Рыма. І дала магчымасць больш быць сабой. Яна кажа, што амаль ніколі не думае, як склаўся б яе лёс, калі б яна не паехала на вайну.
«Я адышла на хвіліну, каб прынесці ахвяру служэнню. Тае жыццё, якое я вяла, было зусім іншым. Цяперашняе жыццё добра мне падыходзіць. Таму я адпусціла тое мінулае», — кажа яна.
Яна хоча, каб і іншыя людзі працягвалі падтрымліваць Украіну, гаварыць пра яе.
«Не дазваляйце нікому забываць пра нас. І яшчэ адна мая парада: жыццё можа быць вельмі кароткім. Калі ў вас ёсць мэты ў жыцці, але вы баіцеся нешта паспрабаваць, калі непакоіцеся пра тое, што могуць падумаць іншыя, памятайце, што жыццё кароткае, і рабіце сваё, бо ніколі не ведаеце, калі ў вас можа не быць такой магчымасці. І заўсёды кажыце людзям, што вы іх любіце, пры кожнай магчымасці», — кажа Рыма.